Расіяніну выплачвалі пенсію па падробленай беларускай працоўнай кніжцы
64-гадовы жыхар Тульскай вобласці Іван Гуз быў прызнаны вінаватым у махлярстве з атрыманнем пенсіі.
Мужчына летась падаў у пенсійны фонд працоўную кніжку, паводле якой у 1991-2008 гадах працаваў забойшчыкам буйной рагатай жывёлы ў Беларусі, на адным з прадпрыемстваў у Калінкавічах.
Гузу прызначылі штомесячную пенсію ў 3637 расійскіх рублёў (каля 120 долараў), паведамляюць мясцовыя СМІ.
Аднак неўзабаве высветлілася, што працоўная кніжка падробленая. Аказалася, што завод у Калінкавічах быў ліквідаваны ў снежні 1995 года і ніякія "забойшчыкі" там не працавалі. Пазней Гуз прызнаўся, што працоўную кніжку купіў у Беларусі ў незнаёмай яму жанчыны.
Расіяніна прысудзілі да 360 гадзінаў выпраўленчых працаў, ён мусіць кампенсаваць сродкі, што атрымаў незаконна.