Расія прыбрала падводныя лодкі Чарнаморскага флоту з Крыма
Падводная лодка выйшла з Севастопаля / sevastopol.su
Расія, верагодна, прыбрала падводныя лодкі Чарнаморскага флоту з акупаванага ўкраінскага Крыма. Пра гэта паведамляе вайсковая выведка Мінабароны Вялікабрытаніі. Мяркуецца, што яны цяпер у Наварасійску.
Як піша "Бі-Бі-Сі", брытанская выведка лічыць вельмі верагоднай згаданую перадыслакацыю "з-за змены ўзроўню пагрозы ў сувязі з узмацненнем ўкраінскіх ўдарных сіл вялікай далёкасці". Як вядома, за апошнія два месяцы ўдары былі нанесены па штабе Чарнаморскага флоту і яго галоўным аэрадроме марской авіяцыі. Пасля гэтага расіяне перадыслакавалі з Крыма частку самалётаў.
Такім чынам у цяперашні час чарнаморская база ў Севастопалі не знаходзіцца ў бяспецы. У Лондане мяркуюць, што на расіян паўплывалі весткі пра атрыманне Украінай зброі, якая можа наносіць удары на ўсё большыя адлегласці. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што Крым будзе вызвалены.