Рамонт залітых кіпнем кватэр у мінскім доме з пано зробяць за кошт камунальнікаў
Мінскі шматпавярховік, дзе адбылася аварыя / sb.by
Камунальнікі за свой кошт зробяць рамонт залітых кіпнем кватэраў у доме з пано "Горад-будаўнік" на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Пра гэта дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА распавялі ў адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы.
Па словах чыноўнікаў, яны скантактаваліся ўжо з чатырма ўласнікамі з пяці, цяпер ўзгадняюць каштарысы.
"Па доме з пано 15 лістапада для складання дэфектных актаў звярнуліся ўласнікі чатырох кватэр. З пятым уласнікам сувязі пакуль няма. Дэфектныя акты складзеныя, сёння-заўтра будуць складзеныя і ўзгодненыя каштарысы на рамонт. Засталіся пытанні з заменай асобных электрычных элементаў ліфтавага абсталявання, але на працу ліфтаў гэта не ўплывае", — кажуць у раённай адміністрацыі.
Таксама чыноўнікі заяўляюць, што электрычнасць у пад'ездзе ўжо адноўленая.
Як распавядала Еўрарадыё, камунальная аварыя здарылася ў вядомым мінскім шматпавярховіку ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада. У доме прарвала трубу з кіпнем на адным з верхніх паверхаў. Вада затапіла некалькі паверхаў, заліла электраправодку, будынак абясточылі. Жыхары вымушаныя былі эвакуявацца.
Праз некалькі дзён сталічныя чыноўнікі паведамілі, што ўладальнікам пацярпелых кватэраў выплацяць кампенсацыю.