У Мінску кіпнем затапіла знакаміты шматпавярховік з пано "Горад-будаўнік"
Затоплены кіпнем шматпавярховік у Мінску / planetabelarus.by
Знакаміты шматпавярховік з пано "Горад-будаўнік" на праспекце Незалежнасці ў Мінску затапіла кіпнем. Як піша Reform.by са словаў жыхароў, гэта адбылося ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада.
У доме на праспекце Незалежнасці, 143, корпус 1 прарвала трубу з кіпнем на шостым паверсе. Вада затапіла ўвесь дом, заліла электраправодку, таму будынак абясточылі. Жыхары былі вымушаныя эвакуявацца.
У ЖЭС №52 жыхарам заявілі, што электрычнасць адключылі супрацоўнікі МНС. Ім параілі два-тры дні не вяртацца дадому. Пазней электрык праверыць, ці прасохла праводка, і ўключыць электрычнасць. Разабрацца з праблемай абяцаюць цягам тыдня.
Жыхары не разумеюць, як менавіта плануецца вырашаць праблему. Вада трапіла ўсюды, яна назапашваецца пад лінолеўмам у калідорах, дзе праз некалькі дзён утворыцца цвіль. Дом абсталяваны электраплітамі, якія цяпер выкарыстоўваць немагчыма. Што рабіць людзям, якім няма куды ісці, улады не кажуць.