На рэйсе "Белавія" Хургада-Мінск не маглі спыніць кроў у дзяўчынкі
Самалёт "Белавія", ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё
9 снежня на рэйсе "Белавія" B28214 Хургада — Мінск дзяўчынцы стала кепска падчас палёту.
У дзяўчынкі з высокай тэмпературай на борце самалёта на вышыні лопнулі сасуды ў носе, піша тэлеграм-канал "От винта". У дзіцяці пачаўся моцны крывацёк, які доўга не атрымлівалася спыніць.
Тут спрацавалі некалькі фактараў. Высокая тэмпература робіць сасуды больш далікатнымі. У самалёце паветра вельмі сухое, таму слізістая перасыхае і становіцца яшчэ больш уразлівай. На вышыні дадаецца яшчэ і перапад ціску: хаця ён не крытычны, але ў хворага можа ўзмацніць нагрузку на сасуды.
Медыцынскую дапамогу дзяўчынцы аказвалі бортправадніца Людміла і фельчарка Ларыса. Паводле словаў Людмілы, такі страшны выпадак з ёй здарыўся ўпершыню за 13 гадоў стажу ў авіяцыі.
Таксама паведамляецца, што час палёту павялічыўся прыкладна на паўгадзіны, бо праз атакі ўкраінскіх беспілотнікаў маршрут давялося пракладаць на поўнач ад Масквы.
Пасля пасадкі ў Мінску пілот праз гучную сувязь падзякаваў гераіням, якія аказалі дапамогу. Дзяўчынка пакідала самалёт самастойна, шпіталізацыя не спатрэбілася.