Беларусь ХХІ: Рандомная гравітацыя ў Беларускім Замежжы

Згенераваны здымак 

Згенераваны здымак 

Беларус з палітычнага зняволення трапляе ў Літву ці Польшчу, і жахаецца: "Што ж у вас тут творыцца? Усе адзін з адным лаюцца!" І далей я дабудоўваю пытанне — за гэта мы сядзелі, за гэта мы змагаліся?

Адразу суцешу тых, хто нядаўна ў інфармацыйным полі беларусаў за мяжой. Лаянку на публіцы вядзе невялікая група "актывістаў". Але і яны вартыя ўвагі, бо дэманструюць адну, калі не ключавую, з адметнасцяў новай канфігурацыі жыцця за мяжой.

Піша Севярын Квяткоўскі, пісьменнік, кіраўнік Фундацыі "Belarus 2020".

Людзей выкінула ў паралельную прастору, дзе гравітацыі амаль няма. Цел з дастатковай вагой, каб да іх даляпіцца, зусім мала. У Беларусі былі буйныя гульцы, напрыклад, у інфармацыйным полі. Былі хай сабе сувенірнага памеру, але юрыдычна рэальныя, палітычныя партыі, у якіх нібыта была наўпроставая сувязь з "Вашынгтонскім абкамам". Былі незарэгістраваныя ініцыятывы, якія ўсё роўна так ці інакш прыцягваліся чыёйсьці сацыяльнай "гравітацыяй".

У Польшчы за апошнія некалькі гадоў беларускія грамадзяне зарэгістравалі больш за пяцьсот фундацый ды іншых формаў недзяржаўных арганізацый. "Трэба штосьці рабіць!" Што, як, куды рухацца? Гэтыя пяцьсот юрыдычных асобаў, падаецца, зробленыя "каб было" і "раптам спатрэбіцца". Каб быць гатовымі ўліцца ў рух. Толькі ў які?

Сварка ў замежжы, якой здзіўляюцца нядаўна вызваленыя грамадскія дзеячы, на мой погляд, гучней грымчыць ад персналій, якія згубіліся без гравітацыі, да якой прызвычаілія ў адносна мірнай Беларусі перад 2020 годам.

На вока колішняга рэпарцёра і проста турыста, які аб’ехаў 70% Беларусі, скажу, што грамадска-палітычныя актывісты дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі.

Першыя: асэнсавана падыходзяць да абранага шляху, разумеючы, што ніхто нікому нічога не павінен, а рушыць чалавек у грамадскі актывізм праз покліч свайго сэрца. І калі раптам ты са свайго занятку будзеш яшчэ і бонусы атрымліваць, — гэта будуць проста бонусы.

Другія: Людзі, якіх зіг-загамі занесла ў актывізм. Убачыў дзесьці ў сваім горадзе "бээнээфаўцаў", пазнаёміўся, тудой-сюдой, а ён ужо блогер і фронтмэн грамадскага руху. А тое, што за лічбамі праглядаў на ютубе стаіць праца не аднаго чалавека, і не адна тысяча долараў, гэта дробязі. А тут бац – вымушаная эміграцыя, і ніхто за твае былыя заслугі цябе на руках не носіць.

Людзі мітусяцца, а целаў з вялікай вагой, якія б стваралі гравітацыю, няма. У сэнсе не дастаткова на ўсіх ахвочых. Офіс ды Кабінет. А сама Беларусь Захадам амаль выкінутая з павесткі. Мала таго, што праміргалі вачыма ўвесь 2020 год, дык яшчэ і пазакрывалі праграмы — тыя самыя гравітацыястваральныя.

І вось гэтыя выкінутыя лёсам персанажы думаюць, што іх няўдача не ў адсутнасці ўмення думаць, а ў чарах злых сілаў. Яны мяркуюць, што калі сто пяцьсот разоў напісаць абразу ў каментах пад навіной пра Святлану Ціханоўскую, тая не вытрымае, сыдзе, і тут то колішняму актывісту/сцы карта і папрэ.

Але не сыходзіць, карта не ідзе, як жыць далей не зразумела, і таму наступная хваля лаянкі ідзе ўжо праз адчай.

Маё бачанне такое, што тут і цяпер за мяжой утвараюцца новыя грамадскія сувязі. Я не пра зямляцтвы, дзе людзе аб’яднаныя раёнам, максімум горадам, пражывання, і вырашэннем бытавых задач на добра зразумелай ім мове.

Мая гаворка пра самаўтварэнне новай нейроннай сеткі чалавечых сувязяў, якія базуюцца на адзінстве ідэяў. Людзі ходзяць на беларускія спеўныя сходы, клубы чытачоў, танцы, квізы і настолкі. Ім важна не толькі камунікацыя з людзьмі, але са сваімі па тых ці іншых ідэях. У нашым выпадку на ідэі Беларушчыны.

З маіх назіранняў, сваркі ў сеціве вакол цэнтраў прыцягнення беларускага жыцця ў замежжы ладзяць альбо даўнія эмігранты, якія проста не разумеюць пра што разважаюць, альбо людзі без ідэйнага стрыжня і перад 2020 годам і пасля.

Першых штарміць, бо ідэалы маладосці ўжо сышлі – разам з маладосцю.

Другіх калбасіць, бо апынуліся сам на сам са сваёй пустэчай у галовах і сэрцах. Пустэча сустрэлася з самотай.

Але святое месца доўга пустым не бывае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.