Ці магчыма атрымаць з Беларусі аліменты на дзяцей? Каментуе юрыст
Пераслаць аліменты з Беларусі ў замежжа не так проста / LookByMedia
Доктарка Мая Церакулава трапіла ў эміграцыі ў непрыемную сітуацыю — ёй заблакавалі банкаўскі рахунак, на які яна атрымлівала аліменты ад былога мужа на траіх дзяцей. Сваю гісторыю жанчына распавяла ў Фэйсбуку.
Еўрарадыё пераказвае выпадак Маі і пытаецца ў юрыста Міхаіла Кірылюка, што рабіць у такой няпростай сітуацыі.
“Спадзяемся, што гэта не створыць яму праблем”
Па словах Маі Церакулавай, у пятніцу 5 снежня супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў нібыта заблакавалі яе банкаўскі рахунак. Менавіта на яго былы муж пералічваў аліменты на дзяцей, якія цяпер немагчыма зняць. На апошнія даступныя сродкі яна паспела купіць торт і ляльку на дзень народзінаў дачкі, садавіну да святочнага стала, а таксама некалькі рыбак гупі.
“І, атрымаўшы паведамленне ад мужа, не пабегла здымаць грошы з карты, хоць можна было і здагадацца. Ведала ж, з якой краіны прыехала. Такі важны навык перасцярогі страчаны так хутка — ах, бяспечная мая натура”, — прыгадвае сітуацыю Церакулава.
Еўрарадыё суразмоўца ўдакладняе, што блакіроўка рахунку адбылася адначасова з тэлефанаваннем сілавікоў, якія яе шукалі. Пры гэтым, наколькі вядома, на лекарку не заведзена крымінальная справа і ў спісах “экстрэмістаў” яна не значыцца.
“[Банкаўскія] карты новыя, муж увесну абнавіў па даверанасці. Пазыкаў і крэдытаў у мяне няма”, — кажа Мая.
У допісе доктарка жартуе, што, відаць, варта пачаць карыстацца крыптавалютай. Але пакуль яна абірае больш просты выхад з сітуацыі.
“Так, мой былы муж занепакоены, што не зможа фінансава падтрымліваць сваіх дзяцей. [Таму] плануе аформіць карту на сваё імя і даслаць мне яе па пошце. Мы спадзяёмся, што гэта не створыць яму праблем”.
Застаецца толькі спадзявацца на сумленнасць былога супруга
Як аказалася, выпадак Маі нічым не ўнікальны. Шмат беларусак сутыкаюцца з сітуацыяй, калі былы муж жыве ў Беларусі, адкуль і мусяць прыходзіць аліменты. Але далёка не заўсёды так адбываецца, бо надзейных рычагоў уплыву на гэта няма.
“Усё, што можна зрабіць, гэта падаць у суд. Можна аддалена, калі ў вас аформленая даверанасць. Больш варыянтаў няма. Ну а які будзе адказ, стане вядома толькі на практыцы, таму што <...> не бачыў да гэтага моманту ў медыя вынікаў падобных спраў.
<...> Іншае пытанне, а ці захоча муж плаціць, ці не захоча? Таму што, калі не хоча, то я сумняюся, што яго можна прымусіць", — разважае адвакат і дарадца па прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.
Яшчэ больш складана выглядае справа, калі былая жонка ўнесена ў спіс “экстрэмістаў” ці на яе заведзеная палітычна матываваная крымінальная справа.
“Ён [былы муж] можа не плаціць, спасылаючыся на тое, што не хоча трапіць пад заканадаўства аб фінансаванні падобнай дзейнасці. І мне здаецца, што будзе цяжка знайсці адвакатаў у Беларусі, якія возьмуцца за такую справу”.
Нават калі заява дойдзе да суда, эксперт сумняецца, што ў сённяшнім палітычным рэжыме суд вынесе рашэнне, што “муж павінен плаціць аліменты такой “тэрарыстцы””. Таму застаецца толькі спадзявацца на сумленнасць былога сужэнца.