Вязні ў Барысаўскім ІЧУ забілі сукамерніка, выбіваючы паказанні для сілавікоў
Турма, ілюстрацыйнае фота / sb.by
У Барысаўскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) у камеры, дзе зняволеныя выбівалі ў іншых вязняў паказанні для сілавікоў ("прэс-хата"), аднаго з вязняў забілі. Пра гэты трагічны выпадак расказаў экс-палітвязень Ігар Лосік у сваім тг-канале.
Паводле Лосіка, за "прэс-хаты" адказвае Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК). У Барысаўскім ІЧУ гэта камера №1.
"Хоць умовы ў камеры выдатныя — тэлефон, любая ежа, тэлевізар, гарэлка, нават наркотыкі. Але трапляеце вы туды толькі з-за непрызнання віны. І ў гэтай камеры вас хутка пераканаюць, што так няправільна. Што лепш напісаць чыстасардэчнае прызнанне, а яшчэ лепш узяць на сябе яшчэ што-небудзь з "вісякоў", — піша палітвязень. Паводле яго, дзяжурныя ахоўнікі назіраюць у адкрытую "кармушку", пакуль вязня-ахвяру збіваюць.
Лосік кажа, што ў Жодзіне да яго ў камеру трапіў малады хлопец Ігар Богдан, якога затрымалі з марыхуанай і адправілі ў "прэс-хату" ў Дзяржынску. "Яго збілі так, што ён напісаў усё, што ад яго патрабавалі, слова ў слова. Білі так, што Жодзінскае СІЗА яго спачатку нават не прыняло з-за збіцця, але мала таго, што білі, так яшчэ і прымусілі патэлефанаваць маці і патрабавалі, каб яна перавяла 500 рублёў на рахунак аднаго з "прэс-хатчыкаў", — піша былы вязень. Паводле яго, адвакат сказаў Богдану, што зрабіць з гэтым нічога немагчыма, бо толькі з'явяцца новыя праблемы.
У аповедах пра збіццё, кажа Лосік, пастаянна фігураваў азербайджанец, які "ў асноўным жыў у Барысаўскім ІЧУ, але часам гастраляваў і па іншых". Пазней вязень даведаўся, што прозвішча азербайджанца Аліеў. Разам з ім у барысаўскай "прэс-хаце" быў Вячаслаў Швец, які з 48 гадоў жыцця 31 год правёў за кратамі.
У камеры №1 у Барысаве яны жылі ў камфорце, а за кожную выбітую сілай яўку атрымлівалі 80 рублёў. Паводле Лосіка,"крышаваў (па іх словах) гэта ўсё ГУБАЗіК разам з кіраўніцтвам ІЧУ". Пры неабходнасці ахоўнікі выдалялі запісы з камер назірання, прычым падобная практыка існавала доўга.
За некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года да іх у камеру даставілі 59-гадовага мужчыну. Уначы п'яныя зняволеныя перастараліся, здабываючы ад яго паказанні: білі рукамі, нагамі і бутэлькай па галаве. Мужчына памёр ад атрыманых траўмаў, кажа Лосік. Разбірацца з інцыдэнтам прыехаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. "Наколькі я ведаю, кагосьці з начальства ІЧУ звольнілі, а кагосьці арыштавалі", — удакладняе былы палітвязень.
Паводле яго, пасля гэтага "прэс-хатчыкі" апынуліся ў КДБ, дзе іх дзейнасць даследавалі больш старанна. "У выніку назбіралі паказанняў столькі, што калі прытрымлівацца закону, то вельмі шмат крымінальных спраў трэба пераглядаць, таму што прызнанні па іх былі выбітыя сілай гэтымі двума. Яны назвалі шмат прозвішчаў — хтосьці яшчэ сядзіць, хтосьці вызваліўся, і следчыя па ўсёй краіне ездзілі і бралі паказанні ў зняволеных, якіх збівала гэтая парачка", — кажа Лосік.
Ігара Лосіка, які супрацоўнічаў з Радыё Свабода, затрымалі 25 чэрвеня 2020 дома ў Баранавічах. Яму прысудзілі 15 гадоў калоніі. 11 верасня 2025 года яго ў групе з 52 зняволеных прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву.