Толькі аднойчы далі палову агурка: палітвязень распавёў пра рацыён у калоніі

Агурок / unsplash

Агурок / unsplash

Вывезены з Беларусі ў верасні 2025 года гомельскі актывіст і журналіст Яўген Меркіс распавёў пра ўмовы ўтрымання ў шклоўскай калоніі і пра рацыён вязняў.

Паводле Меркіса, людзі, што ўтрымліваюцца ў калоніі, не бачаць ні садавіны ці гародніны, ні нават малочных прадуктаў. Вязняў кармілі звычайна кашамі і бульбай і толькі аднойчы выдалі па палове агурка. Катлеты, якія дадавалі да гэтых страваў, не заўсёды магчыма было з'есці.

"Каб зэканоміць грошы, табе ў аўторак, чацвер і суботу даюць увечары рыбную катлету. Перамалолі фарш з косткамі, запяклі — і калі ласка. У гомельскім СІЗА з рыбы не рабілі катлет, а проста падавалі вось гэты фарш. Мы называлі гэта "магілай", — распавядае палітвязень у інтэрв'ю "Вясне".

Таксама людзям не выдавалі малочных прадуктаў.

"Канешне, можна было набыць малочку на атаварцы. Але ў палітычных жорсткае абмежаванне – дзве базавыя велічыні на атаварку на месяц. Але гэта афіцыйна не звязана з тым, што ты палітычны. Абмежаванні ў дзве “базавыя” даюцца, калі ты атрымліваеш статус "злосніка" (злосны парушальнік — Еўрарадыё). А гэты статус прызначаюць, калі ты атрымліваеш чатыры парушэнні. То-бок, юрыдычна ўсё чыста – абмежаванні даюць не таму, што ты палітычны, а таму, што ты злосна і рэгулярна парушаеш усталяваныя правілы паводзін", — распавядае палітвязень.

Ён расказаў таксама і пра гігіену ў калоніі. Паводле яго вязням выдавалі на месяц толькі кавалак гаспадарчага мыла. Максімум, на што людзі маглі разлічваць — чатыры аднаразовых станкі і рулон туалетнай паперы. Усе астатнія гаспадарчыя рэчы вязні мусілі набываць самі ў турэмнай краме. Пры гэтым палітвязням, якіх дадалі ў спіс "тэрарыстаў", забаранілі атрымліваць грошы на рахунак.

"Яны выжывалі толькі за кошт таго, што ім налічвалі нейкія капейкі з працы. Там мізэрныя заробкі – камусьці могуць налічыць тры рублі на месяц, камусьці — 10 ці 15", — распавядае журналіст.

Яўген Меркіс да 2020 года быў грамадскім актывістам у сферы культуры, экалогіі, гарадскога развіцця. У 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах. Зняў відэа для "Белсата", быў аўтарам некалькіх артыкулаў для гомельскага выдання "Флагшток". Яго асудзілі да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.