Рэжым санкцый па Беларусі дапоўнілі крытэрамі па гібрыднай дзейнасці

Літоўска-беларуская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Літоўска-беларуская мяжа, ілюстрацыйнае фота / ELTA

15 снежня ў Бруселі міністры замежных спраў Еўрасаюза ўхвалілі пашырэнне рэжыму санкцый супраць беларускіх уладаў, паведамляе МЗС Літвы.

Па прапанове Літвы санкцыйны рэжым ЕС супраць Беларусі дапоўнілі трыма новымі крытэрамі — за гібрыдныя атакі, падрыў крытычнай інфраструктуры, дэзінфармацыю і інфармацыйныя маніпуляцыі. Згодна з гэтымі крытэрамі Еўрасаюз атрымае падставы ўводзіць дадаткова як індывідуальныя, так і сектаральныя санкцыі супраць Беларусі.

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі Кястуціс Будрыс выказаў задаволенасць, што рэжым санкцый быў папоўнены крытэрамі, датычнымі гібрыднай дзейнасці.

"Гэта дае ЕС інструменты для эфектыўнага і жорсткага рэагавання на шкоднасную дзейнасць як цяпер, так і ў будучыні. Гэтым рашэннем ЕС прадэманстраваў не толькі здольнасць да палітычнай кансалідацыі перад абліччам выклікаў, але і гатоўнасць прымаць неабходныя рашэнні", — падкрэсліў кіраўнік МЗС Літвы.

Формай гібрыднай атакі ў Літве называюць не толькі парушэнне мяжы мігрантамі, але і запускі метэазондаў з кантрабандай, якія парушаюць працу літоўскіх аэрапортаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.