Рамонт Чырвонага касцёла абяцаюць пачаць у чэрвені

Чырвоны касцёл у Мінску

Чырвоны касцёл у Мінску

Даўно абяцаны рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску пачнуць у чэрвені. Пра гэта заявіла начальніца ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Кацярына Лучына, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва "Мінск-Навіны".

Чыноўніца паведаміла, быццам улады сталіцы сочаць за захаванасцю знакавых для горада будынкаў, у тым ліку Чырвонага касцёла, Пішчалаўскага замка (былога СІЗА №1, "Валадаркі") і гістарычных будынкаў на вуліцы і ў праездзе Чыжэўскіх.

"Усе гэтыя будынкі — аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны. Вядома, належную ўвагу надаем іх абнаўленню і рэканструкцыі. У чэрвені пачнуцца рамонтныя работы Чырвонага касцёла. Думаю, у 2026 годзе яны будуць завершаныя", — зазначыла Кацярына Лучына.

Касцёл святых Сымона і Алены ў цэнтры Мінска стаіць зачынены з верасня 2022 года — пасля невялікага ўзгарання ў ім. Улады не дазволілі вернікам правесці рамонт будынка за кошт парафіі. Улады некалькі разоў пераносілі абяцаныя тэрміны пачатку рамонту. Вернікі кажуць, што некаторым памяшканням рамонт стаў патрэбны пасля тых двух з паловай гадоў, калі ў храм нікога не пускалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.