Работы на месцы былых яўрэйскіх могілак у Мінску прыпынілі

Яўрэйскія надмагіллі, выкапаныя ў Мінску / тг-канал "Спадчына"
Работы на месцы былых яўрэйскіх могілак у Мінску прыпыненыя пасля знаходкі надмагільных камянёў і фрагментаў агароджы. Пра гэта заявілі ў адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы.
"Цяпер працы прыпыненыя і будуць адноўленыя толькі пасля ўліку ўсіх нюансаў і строга ў адпаведнасці з вызначанымі нормамі і рэкамендацыямі. Мы прымаем усе неабходныя меры для захавання гістарычнай спадчыны і павагі да памяці мінулага", — цытуюць "Мінск-навіны" словы чыноўнікаў.
Як рассказвала Еўрарадыё, дзясяткі надмагілляў і фрагменты цагляных канструкцый былі знойдзеныя падчас будаўнічых работ у раёне вуліц Сухой і калектарнай у Мінску. Тут размяшчалася гістарычная майстэрня Леаніда Левіна. Раней тут было яўрэйскае гета і могілкі.
На месца знаходкі былі выкліканыя археолагі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Яны, як паведамляецца, бліжэйшым часам вызначаць пералік даследаванняў выяўленых аб'ектаў, уключаючы іх прыналежнасць да гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Таксама пра знаходкі паведамлілі яўрэйскай грамадзе.
Чалавечых парэштак падчас раскопак не выявілі.
Чыноўнікі кажуць, што пры пацвярджэнні гістарычнай каштоўнасці надмагілляў, яны забяспечаць іх захаванасць, вызначаць месца экспанавання і прымуць усе меры для абароны. Што будзе з надмагіллямі, калі іх гістарычную каштоўнасць не пацвердзяць — не паведамляецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.