Работнікі Веткаўскага лясгаса ўзбунтаваліся праз малыя заробкі

Узбунтаваліся работнікі Веткаўскага лясгаса

Узбунтаваліся работнікі Веткаўскага лясгаса / Веткаўскі спецлясгас

У Веткаўскім спецлясгасе ўзбунтаваліся работнікі. 10 красавіка яны накіравалі скаргу на дзеянні службовых асоб установы ў Гомельскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб'яднанне. Прэтэнзіі работнікаў, мяркуючы па ўсім, датычылі нізкага заробку, паламаных бензапіл і аўтатранспарту.

У той жа дзень гендырэктар аб'яднання Ігар Дзегцярык правёў сустрэчу з прадстаўнікамі працоўнага калектыву. Як піша сайт "Флагшток", "шчырая размова" зацягнулася больш як на дзве з паловай гадзіны.

У лясгасе прызнаюць, што шэраг праблем, узнятых работнікамі, пацвердзіўся падчас размовы. "Як вынік — адразу ў рамках правядзення сустрэчы кіраўніцтву спецлясгаса былі пастаўленыя канкрэтныя задачы, хоць, як аказалася, усе пытанні маглі быць вырашаныя ўнутры калектыву і не патрабуюць асаблівых высілкаў", —— гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Гендырэктар аб'яднання даручыў да канца тыдня разабрацца з арганізацыяй рамонту транспарту Веткаўскага лясніцтва, забяспечыць максімальна аператыўны рамонт бензапіл, давядзенне да ведама работнікаў планавых заданняў. Ключавым пытаннем назвалі забеспячэнне годных заробкаў.

На сайце Веткаўскага спецлясгаса можна пабачыць заробкі па вакансіях. Вальшчыку лесу абяцаюць 1000-1300 рублёў у залежнасці ад выканання нормы выпрацоўкі, майстру лесу — 900-1100 рублёў, электраманцёру і электразваршчыку — 1200-1300 рублёў. Пры гэтым лясніцтва тэрмінова шукае спецыялістаў на шэсць вакансій. Самы нізкі заробак прапаноўваюць лесаводу — ад 700 да 1000 рублёў. Для лясной прамысловасці гэта сапраўды нізкія заробкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.