П’яны віцяблянін напаў з пісталетам на прадаўца ў мінскай краме
Міліцыя прымяняла зброю падчас затрымання зламысніка.
Участковы інспектар міліцыі з Фрунзенскага раёна сталіцы затрымаў зламысніка, які пад пагрозай пісталета хацеў абрабаваць краму. Гэта здарылася познім вечарам 26 ліпеня. У краму па вуліцы Альшэўскага ўвайшоў мужчына і пад пагрозай зброі запатрабаваў у прадавачкі грошы. Жанчына перадала яму 990 тысяч рублёў з касы, а сама, скарыстаўшыся момантам, выскачыла на вуліцу праз службовае памяшканне. Зламыснік пачаў пераследваць яе.
Сведкам гэтай сцэны стаў участковы міліцыянт, які ў той момант быў на вуліцы па службовых пытаннях. Агрэсар заўважыў праваахоўніка і пачаў яму пагражаць. На патрабаванні міліцыянта спыніцца і скласці зброю ён не рэагаваў. Каб затрымаць рабаўніка, участковы стрэліў у яго з табельнай зброі і параніў у ногі.
Затрыманаму аказалі медыцынскую дапамогу і даставілі ў Фрунзенскі РУУС. Гэта быў 44-гадовы беспрацоўны жыхар Віцебска, які да таго ж быў п’яным. Раней ён меў судзімасці за незаконным дзеянні з падробнымі дакументамі, а таксама шмат разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, у тым ліку за распіццё спіртнога ў грамадскіх месцах.
На затрыманага завялі крымінальную справу за разбой. За свой “подзвіг” ён можа атрымаць да 10 гадоў турмы, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Фота: gazeta-n1.ru