П'яны кіроўца тралейбуса ў Мінску выехаў на сустрэчную і парваў драты
Мужчына распавёў, што на працягу дня піў гарэлку. У крыві выявілі 2,28 праміле алкаголю.
23 лютага каля 23-й гадзіны на вуліцы Солтыса інспектары ДАІ затрымалі п'янага кіроўцу. Нечаканасцю стала, што гэта быў кіроўца тралейбуса. Як піша onliner.by, мужчына на вялікай хуткасці выехаў з тралейбуснага парка і не справіўся з кіраваннем. У выніку тралейбус выехаў на сустрэчную паласу і парваў кантактныя драты.
Выявілася, што 24-гадовы кіроўца быў нецвярозы — медагляд выявіў у яго крыві 2,28 праміле алкаголю. Як аздначае tut.by, кіроўца патлумачыў, што на працягу дня піў гарэлку, а потым вырашыў пераставіць тралейбус на іншае месца.
На мужчыну склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў. У ДАІ кажуць, што да адказнасці прыцягнуць і службовую асобу тралейбуснага парка, адказную за праверку стану кіроўцаў перад іх выпускам на лінію.
Фота — onliner.by