П’яны кіроўца катаўся па Мінску на аўто з голымі коламі (фота, відэа)
У Мінску ДАІ затрымала п’янага кіроўцу, які ездзіў па горадзе на машыне без пакрышак на пярэдніх колах. Сігнал пра з’яўленне на Радыяльнай вуліцы такога аўто паступіў у дзяжурную частку ў 16.00. З двума экіпажамі ДАІ кіроўца КІА сустрэўся каля крамы “Акадэмкніга”. Момант затрымання трапіў у аб’ектыў відэарэгістратара аднаго з чытачоў партала Onliner.by
Як патлумачылі парталу ў ДАІ Савецкага раёна сталіцы, кіроўца не адрэагаваў на сігнал інспектара аб спыненні і яго давялося пераследваць. Калі інспектары дагналі аўтамабіліста, ён не адразу адчыніў ім дзверы. Ён выглядаў неадэкватным і казаў: “За што вы мяне затрымліваеце, я еду дадому”. Пазней у яго крыві знайшлі 1,7 праміле алкаголю.
Чаму машына была без пакрышак, кіроўца не мог згадаць. Гэта жыхар Мінска 1980 года нараджэння. Да гэтага выпадку меў толькі дробныя штрафы, да адказнасці не прыцягваўся і не затрымліваўся праваахоўнікамі.



