Прыйдзецца працаваць крыху больш напружана — віцэ-прэм'ер Субоцін пра санкцыі

Эканамічныя санкцыі былі ўведзеныя ў адказ на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі / sb.by
Эканамічныя санкцыі былі ўведзеныя ў адказ на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі / sb.by

Віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Аляксандр Субоцін напярэдадні разважаў аб магчымых наступствах новых санкцый ЕС для некаторых галін эканомікі. На аграпрамысловы комплекс (АПК) уведзеныя абмежаванні сур'ёзна не паўплываюць, мяркуе ён.

"АПК гэта закране ў меньшай ступені, таму што наша зямля, мы на ёй працуем. Давядзецца працаваць крыху больш напружана, крыху больш інтэнсіўна",сказаў ён у эфіры Беларускага тэлебачання.

Хоць экспарт прыйдзецца карэктаваць. Дагэтуль Беларусь прадавала сваю прадукцыю ў 116 краін, і мела з гэтага штогод да 6 мільярдаў даляраў. Прычым пастаўкі харчавання ў Расію з-за жорсткіх патрабаванняў да якасці прадукцыі ў апошнія гады скарачаліся.

Пераразмяркоўваць патокі экспарту прыйдзецца і ў выпадку з прадукцыяй "Беларуськалія". У Мінску разлічваюць нарасціць пастаўкі ў Кітай і РФ.

"Вядома, гэтыя патокі будуць накіраваны туды ", — сказаў Субоцін. Паводле яго слоў, ідзе праца, "каб атрымаць [рынкі] там, дзе яшчэ не сертыфікаваныя нашы ўгнаенні. Трапіць на той рынак, куды яшчэ не патрапілі, а куды трапілі — пашырыць".

На АНТ напярэдадні таксама абмяркоўвалі наступствы эканамічных санкцый. Старшыня Дзяржкамваенпрама краіны Дзмітрый Пантус заявіў, што ўсе прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу "працуюць стабільна".

Але пры гэтым ён прызнаў, што складанасці ёсць — трэба шукаць новых пастаўшчыкоў вузлоў і камплектуючых, у тым ліку мікраэлектронікі. Шукаць зноў жа будуць у Расіі і Кітаі, якія, на думку Пантуса, "у поўнай меры могуць замяніць тыя дэталі, вузлы і элементы, якія мы, можа быць, часам куплялі ў краін, якія на сёння не ў поўным аб'ёме з намі хочуць працаваць".

Савет Еўрасаюза 24 чэрвеня прыняў эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, з 25 чэрвеня яны ўступілі ў сілу. Пад абмежаванні трапілі нафтаперапрацоўка, экспарт калійных угнаенняў, банкаўская сфера, тытунёвы бізнес і тэхналогіі відэаназірання.

Гэтыя санкцыі ЕС былі ўведзеныя ў адказ"на эскалацыю сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў". Таксама гэта рэакцыя "на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 года і наступнае затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.