Прысуд Віктару Бабарыку абвесцяць 6 ліпеня

Віктар Бабарыка / БЕЛТА
Прысуд па справе экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыкі абвесцяць 6 ліпеня, паведамілі ў яго штабе.
Сёння экс-банкір выступіў з апошнім словам у судзе. Ён пацвердзіў, што не прызнае віну. Патлумачыў сваю пазіцыю тым, што не можа прызнацца ў злачынстве, якога не здзяйсняў.
"Мне не сорамна перад блізкімі, таму што не было дапушчана супрацьзаконных дзеянняў і нават намёку на здзяйсненне супрацьзаконных дзеянняў. Мне не сорамна перад работнікамі банка, таму што быў створаны найлепшы банк у краіне", — сказаў Віктар Бабарыка ў апошнім слове.
Пачуць апошняе слова экс-банкіра сёння змаглі не ўсе ахвочыя. Перад пачаткам працэсу да будынку суда выстраілася чарга, аднак частку людзей не пусцілі — сказалі, што ў зале "няма месцаў".
Экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" затрымалі ў сярэдзіне чэрвеня 2020 года — пасля таго, як ён заявіў пра намер балатавацца ў прэзідэнты. Ён даволі паспяхова пачаў кампанію — за тры дні за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты падпісаліся 50 тысяч чалавек (пры неабходным парозе ў 100 тысяч). Да моманту падачы дакументаў у ЦВК свае подпісы за Бабарыку, паводле інфармацыі штаба, пакінулі каля 425 тысяч чалавек. Але яго так і не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты.
Віктара Бабарыку абвінавачваюць па трох артыкулах КК: "Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам", "Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў" і "Даванне хабару". Віну ён не прызнае, лічыць справу палітычна матываванай. Пракурор папрасіў для яго 15 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.