Пры выбуху ў ерэванскай кавярні пацярпелі людзі
У цэнтры Ерэвана ў кафэ хуткага харчавання Burger King адбыўся выбух. Інцыдэнт здарыўся ўвечары 2 красавіка, паведамляе kavkaz-uzel.eu.
Інфармацыю пра выбух ратавальнікі атрымалі ў 19.44 паводле мінскага часу. Паведамляецца, што на кухні кавярні выбухнуў кіслародны балон. Супрацоўнікі МНС паведамілі спярша, што пацярпелі дзевяць чалавек, якіх даставілі ў лякарню. Сярод іх былі і замежнікі.
Пазней МЗС Арменіі ўдакладніў, што пацярпелых восем: чатыры жыхары Арменіі, трое грамадзян Расіі і адзін — Ірана. Усім аказалі неабходную меддапамогу, дваім зрабілі хірургічныя аперацыі. Пагрозы жыццю людзей няма.