Прэм'ер Літвы дапускае, што ЗША выступяць за зняцце санкцый з беларускага калію

Рэжым Лукашэнкі спадзяецца на аднаўленне транзіту праз Клайпеду (ілюстрацыйнае фота)

Рэжым Лукашэнкі спадзяецца на аднаўленне транзіту праз Клайпеду (ілюстрацыйнае фота) / golk.by

Прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас не выключае, што ЗША могуць папрасіць улады яго краіны аднавіць экспарт угнаенняў з Беларусі праз порт у Клайпедзе.

"Найперш, трэба больш грунтоўна разабрацца, хто на самой справе зацікаўлены ў гэтым, бо, мяркуючы па ўсім, пасля ўвядзення дадатковых тарыфаў для Канады ЗША шукаюць больш танныя крыніцы ўгнаенняў, цытуе словы прэм'ера lrt.lt. — Я б не выключыў такой магчымасці, што ў найбліжэйшы час нашы стратэгічныя партнёры могуць папрасіць нас перагледзець гэтыя санкцыі".

Палуцкас падкрэсліў, што літоўскі ўрад не мае планаў змякчэння санкцый, уведзеных супраць рэжыма Лукашэнкі.

Літоўскія спецслужбы маюць інфармацыю, што Мінск спрабуе лабіяваць і зняцце санкцый, і аднаўленне транзіту праз Клайпеду. Рэжым Лукашэнкі спадзяецца на змяненне пазіцыі і Літвы, і ЕС. А "Беларуськалій" намагаецца захаваць дзелавыя сувязі ў Літве.

Літва забараніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю пасля таго, як у снежні 2021-га пачалі дзейнічаць санкцыі ЗША супраць "Беларуськалія". Транзіт праз Літву спыніўся 1 лютага 2022 года. За гэтыя санкцыі "Беларуськалій" спрабаваў спагнаць з Літвы мільярд еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.