Праваабаронцы прызналі палітвязнем лідара АГП Мікалая Казлова
Праваабаронцы прызналі палітвязнем лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.
Ён адбывае трохмесячны арышт па ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса — за разгалошванне даных па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады. Казлова як сябра рады выклікалі на допыты ў Следчы камітэт, дзе ён некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб неразгалошванні. Потым палітык расказваў журналістам, як адбываліся гэтыя допыты. Яму прысуджалі адміністрацыйныя арышты, а ўрэшце асудзілі паводле крымінальнага артыкула.
Пад заявай у падтрымку Казлова падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна", Прававая ініцыятыва, Lawtrend, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.