Ажубаліс: Кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі трэба звольніць
Майру Мору абвінавачваюць у дзеяннях, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.
Былы міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс падтрымаў заклік шведскай праваабарончай арганізацыі Ostgruppen аб адстаўцы кіраўніка прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майры Моры. Пра гэта ён напісаў у сваім Твітэры.
Раней Ostgruppen заклікала Мору сысці з пасады, бо, на думку аўтараў звароту, яна дзейнічае насуперак асноўным каштоўнасцям і афіцыйнай палітыцы ЕС. Праваабаронцы, у прыватнасці, адзначалі, што замест таго, каб дакладна выразіць афіцыйную лінію ЕС у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, Майра Мора неаднаразова рабіла рэчы, якія хутчэй служаць інтарэсам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
У якасці прыкладу такіх дзеянняў называюць удзел у ток-шоў на беларускім дзяржаўным тэлебачанні, дзе Мора выступала ў перадачы прапагандыста Вадзіма Гігіна, які трапляе пад санкцыі ЕС. Гэта здарылася восенню мінулага года. Днямі кіраўніца прадстаўніцтва ЕС зноў паўдзельнічала ў гэтым шоў і публічна пахваліла Лукашэнку за ўменне “размаўляць з людзьмі”. Само шоў праходзіла ў дзень новага суда над палітвязнем Міколам Статкевічам, але Мора не нагадала пра патрабаванне Еўропы да беларускіх уладаў вызваліць усіх палітвязняў.
На думку Оstgruppen, Мора вычарпала крэдыт даверу на пасадзе кіраўніцы прадстаўніцтва ЕС, паведамляе БелаПАН.
Фота: Bymedia