Пракуратура знайшла ў продажы майкі і кубкі з гербам "Пагоня"

Кубак з "Пагоняй"
Пракуратура Заводскага раёна Мінска падчас маніторынгу маркетплейсаў выявіла там "экстрэмісцкія" кубкі і футболкі "з нанесенай выявай вершніка на чырвоным фоне і кані з мячом і шчытом у руках".
Уладальнікам інтэрнэт-пляцовак загадалі прыбраць тавары з гербам "Пагоня" з каталогаў.
Герб "Пагоня" — гістарычны нацыянальны сімвал Беларусі. Ён унесены ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Аднак у пракуратуры заявілі, што гэтыя выявы прызнаў "экстрэмісцкімі" суд Кастрычніцкага раёна Мінска 30 верасня 2022 года, і яны ўнесеныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Суд у гэтым рашэнні прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" больш за 70 тавараў з міжнародных паштовых адпраўленняў. Сярод іх быў кубак белага колеру і налепка з вершнікам "на чырвоным фоне на кані з мячом і шчытом у руках".
У маркетплейсе пагадзіліся з патрабаваннямі пракуратуры і наладзілі "алгарытмы аўтаматычнага выяўлення і абмежавання завядзення картак тавараў, якія змяшчаюць прыкметы экстрэмізму, у мэтах недапушчэння падобных парушэнняў заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму ў далейшай працы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.