Пракуратура заступілася за пінчанку, якую прымушалі плаціць за харчаванне ў ІЧУ

Жыхарка Пінска звярнулася ў Пінскую міжраённую пракуратуру, каб спыніць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў ІЧУ Пінскага ГАУС. Міліцыянты патрабавалі з дзяўчыны аплаціць харчаванне за час знаходжання ў ізалятары, піша "Медиа-Полесье".
11 верасня дзяўчыну затрымалі, абвінавацілі ва ўдзелі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пасадзілі ў ІЧУ. Гэта была пятніца. Судзілі яе ў панядзелак, 14 верасня. Суд прызначыў штраф — 270 рублёў (10 базавых велічынь).
Пасля суда канваіра перадалі пінчанцы пад подпіс паведамленне, што яна павінна аплаціць за харчаванне ў ізалятары 40 рублёў 50 капеек — па 13 рублёў 50 капеек за суткі. Вусна дзяўчыну папярэдзілі: калі яна не аплаціць на працягу месяца, то будзе налічвацца пеня, а таксама ёй забароняць выезд за межы Беларусі.
Аднак п. 2 арт. 18.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса патрабуе, каб выдаткі на харчаванне аплочвалі арыштаваныя. А дзяўчына была ў статусе затрыманай. Таму яна палічыла дзеянні кіраўніцтва ІЧУ незаконнымі і падала скаргу ў пракуратуру. Пракуратура стала на бок пінчанкі.
"Пры падрыхтоўцы паведамленняў аб выплаце выдаткаў на харчаванне начальнікам ІЧУ Верычам І.І. былі дапушчаныя парушэнні нормаў, вызначаных ПВКаАП Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым Пінскай міжраённай пракуратурай апошняму абвешчанае афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона", — гаворыцца ў лісце, які падпісаў намеснік Пінскага міжраённага пракурора А. Плескацэвіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.