Пракуратура патрабуе прыбраць з анлайн-пляцоўкі кнігі Віктара Суворава

Кніга Віктара Суворава / выдавецтва "Сталкер"
Пракуратура Мінска выявіла кнігі Віктара Суворава на адным з найбуйнейшых маркетплэйсаў і запатрабавала прыбраць іх з продажу. Раней некаторыя кнігі гэтага аўтара былі прызнаныя ў Беларусі "экстрэмісцкімі".
Акрамя таго, пракурорскія работнікі выявілі і тавары з нацысцкай сімволікай на той жа інтэрнэт-пляцоўцы. Які менавіта гэта маркетплэйс, у пракуратуры не ўдакладняюць.
"Устаноўлена, што на інтэрнэт-пляцоўцы прапаноўваліся да набыцця абярэгі ў форме эмблемы "Чорнае Сонца", манеты Трэцяга рэйха з выявай на іх свастыкі, а таксама экстрэмісцкія матэрыялы ў выглядзе паштовых марак з выявай Адольфа Гітлера і кніг Віктара Суворава "Бяру свае словы назад" і "Дзень М.", "Ледакол. Хто пачаў Другую сусветную вайну", — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Таксама пракуроры звярнулі ўвагу на каментары, у якіх сустракаюцца выявы з нацысцкай сімволікай. Аўтарам каментароў прыгразілі адміністрацыйнай адказнасцю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.