Пракуратура патрабуе пажыццёвае зняволенне для забойцы беларускі Лізы
Дарыян С. на судзе / PAP
У панядзелак, 13 студзеня, у акруговым судзе Варшавы прайшлі спрэчкі бакоў па справе 23-гадовага грамадзяніна Польшчы Дарыяна С. У лютым 2024-га ён напаў на беларуску Лізу Герцэн у цэнтры Варшавы, збіў яе і згвалтаваў. Маладога чалавека вінавацяць у згвалтаванні, забойстве і разбоі.
Сённяшняе пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме, піша "Зеркало". Пракуратура просіць для абвінавачанага пажыццёвае зняволенне і выплату 200 тысяч злотых штрафу кожнаму з пацярпелых — гэта брат і хлопец забітай.
Абвяшчэнне прысуду прызначанае на 17 студзеня а 14:15 паводле мінскага часу.
Як паведамлялася раней, беларуску ў непрытомным стане знайшлі 25 лютага ў цэнтры Варшавы. Лекары змагаліся за яе жыццё некалькі дзён, але 1 сакавіка дзяўчына памерла. Праз тыдзень пасля забойства ў цэнтры польскай сталіцы прайшоў марш "Яе звалі Ліза" ў памяць пра загінулую дзяўчыну.
Падазраванага затрымалі ў той жа дзень. Суд над ім пачаўся 4 снежня. Дарыян С. часткова прызнаў сваю віну. Ён заявіў, што не меў намеру забіваць, але ў той вечар выйшаў з нажом, каб абакрасці краму ці бар, бо не меў грошай заплаціць за кватэру. Спярша меркаваў абрабаваць украінцаў, але потым на яго шляху трапілася Ліза.