Пракуратура адпусціла кіроўцу, які падвозіў да польскай чыгункі дыверсантаў
Кіраўніцтва Польшчы на месцы дыверсіі / акаўнт Туска ў сацсетцы Х
Польская пракуратура вызваліла чатырох украінцаў, якіх падазравалі ў датычнасці да выбухаў на чыгунцы. Сярод іх — кіроўца аўтамабіля, якім ехалі меркаваныя дыверсанты.
У пракуратуры прыйшлі да высновы, што кіроўца не ведаў, каго і дзеля чаго вязе. Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) незадаволенае такім рашэннем пракуратуры.
Раней паведамлялася, што па падазрэнні ў датычнасці да дыверсіі на чыгунцы былі затрыманыя чатыры ўкраінцы. Дваіх мужчын затрымала паліцыя. Яшчэ дваіх, мужчыну і жанчыну, затрымалі супрацоўнікі ABW. Усе яны даўно жылі ў Польшчы, але не былі знаёмыя паміж сабою.
Пад вартай пасля арышту затрыманыя правялі 48 гадзін. Пасля допытаў іх выпусцілі.
"Увесь чацвер і пятніцу мы былі на гарачай лініі з пракуратурай. Яны заявілі, што пададзеных намі доказаў наконт удзелу гэтых чацвярых у дыверсіях недастаткова. Мы заявілі, што ўсё складваецца ў адзін бок і дае падставы для выстаўлення затрыманым абвінавачанняў", — абураецца высокапастаўлены супрацоўнік ABW у каментары выданню Onet. У спецслужбе падкрэсліваюць, што менавіта затрыманне гэтай чацвёркі дазволіла высветліць асобы галоўных падазраваных у падрывах.
Абвінавачанне пракуратура выставіла толькі аднаму чалавеку. Аднак і яго вінавацілі не ў датычнасці да дыверсіі, а ва ўтойванні дакументаў, у тым ліку расійскіх пашпартоў. Суд адмовіўся арыштаваць яго за гэтае парушэнне.
Супрацоўнікі пракуратуры сказалі журналістам, што ніхто з чатырох украінцаў не дапамагаў свядома арганізоўваць дыверсію. Іх хочуць выслаць з Польшчы, але адпаведную працэдуру яшчэ не пачалі.
Выбухі на чыгунцы адбыліся 15 і 16 лістапада. Польскія спецслужбы падазраюць у іх арганізацыі двух украінцаў, звязаных з расійскай вайсковай разведкай (ГРУ) — Яўгена Іванова і Аляксандра Конанава. Абодва прыбылі ў Польшчу з Беларусі з фальшывымі пашпартамі і пасля дыверсіі вярнуліся назад у Беларусь яшчэ да выкрыцця.
Афіцыйная Варшава звярнулася да Мінска з просьбай выдаць двух падазраваных дыверсантаў. МЗС Беларусі адказаў, што іх шукаюць у нашай краіне.