Прадстаўнік Украіны ў ПАСЕ: Мінская пляцоўка важная і для самой Беларусі
Адначасова адзначаецца роля Беларусі ў дапамозе ўцекачам з усходу Украіны.
Тое, што перамовы па Украіне ў “Нармандскім фармаце” праходзяць у Мінску, спрыяе вяртанню Беларусі ў еўраінтэграцыйныя працэсы. Такое меркаванне выказаў прадстаўнік Украіны ў ПАСЕ Уладзімір Арыеў, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё пра вынікі ад папярэдніх перамоў.
Арыеў: “Мы ў пачатку вельмі доўгага працэсу, бо пацыфікацыя агрэсара ў сённяшніх умовах не нашмат больш мае шансаў, чым спробы пацыфікацыі Гітлера напрыканцы 30-х гадоў. Але шансы ёсць, проста давядзецца доўга працаваць, каб выніку дасягнуць. Мяркую, пляцоўка Мінска будзе для гэтага вельмі важнай. І гэтак жа я мяркую, што гэта пляцоўка паспрыяе вяртанню Беларусі ў еўраінтэграцыйныя працэсы. Бо для такой краіны, як Беларусь, іншага выйсця няма, як ісці ў Еўропу. Бо “рускі мір” усе краіны былога Савецкага Саюзу адчулі на сабе напоўніцу”.
Адначасова Уладзімір Арыеў падзякаваў Беларусі за тое, што наша краіна прыняла ўцекачоў з усходу Украіны і дапамаглі ім вярнуцца да нармальнага жыцця. Праўда, адказаць на пытанне, калі гэтыя людзі змогуць вярнуцца на радзіму, не змог. Але выказаў спадзяванне, што спыніць канфлікт атрымацца з дапамогай перамоў і дыпламатыі.