Працу Віленскага аэрапорта спынялі праз неапазнаны аб'ект з Беларусі

У Віленскім аэрапорце, ілюстрацыйнае фота

У Віленскім аэрапорце, ілюстрацыйнае фота / LRT

Зранку 9 верасня палёты ў Віленскім аэрапорце былі спыненыя.

Каля 8:33 раніцы ў аўторак з'явілася паведамленне пра неапазнаны аб'ект, які рухаецца з тэрыторыі Беларусі ў бок Літвы. Усе рэйсы былі спыненыя і перанесеныя. Палёты былі адноўленыя каля 9:00, перадае LRT.

У Нацыянальным крызісным цэнтры Літвы (NKVC) паведамілі, што аб'ект быў зафіксаваны радарамі літоўскіх вайскоўцаў. Каб перахапіць яго, у паветра былі паднятыя знішчальнікі NATO:

"Узброеныя сілы Літвы з дапамогай радараў сачылі за неапазнаным аб'ектам, які рухаўся з Беларусі ў бок Літвы. Таксама сігнал на радарах кароткачасова фіксавалі падраздзяленні супрацьпаветранай абароны, але візуальнага кантакту не было. Былі паднятыя знішчальнікі NATO для перахопу магчымага аб'екта, які ўварваўся, але, дасягнуўшы паводле радарных звестак меркаванага месцазнаходжання, знішчальнікі візуальна не выявілі аб'ект, іх радары таксама нічога не зафіксавалі. Задача знішчальнікам была знятая".

У NKVC мяркуюць, што гэта магла быць метэаралагічная з'ява, цяпер працягваецца ўдакладненне прычыны.

"Падобныя з'явы часам узнікаюць праз воблачнасць і спецыфіку працы радараў", — растлумачыў кіраўнік NKVC Вілмантас Віткаўскас

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.