Працоўных мігрантаў у Беларусі будуць кантраляваць наймальнікі — Лукашэнка

Рабочы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Наймальнікі будуць абавязаныя кантраляваць мігрантаў, якія ў іх працуюць. Адпаведны ўказ падпісаў Лукашэнка.
У дакуменце прадугледжана, што працадаўца будзе абавязаны наведваць мігрантаў дома для "вывучэння ўмоваў пражывання з прыняццем пры неабходнасці мер па ліквідацыі выяўленых парушэнняў і інфармаваннем кампетэнтных дзяржаўных органаў".
Таксама наймальнік абавязаны арганізаваць для мігрантаў абавязковае тэставанне на веданне рускай або беларускай мовы.
Працоўная дамова з мігрантам павінна быць падпісаная у 30-дзённы тэрмін з даты яго ўезду ў Беларусь. Пры гэты дакумент забараняе часовы перавод такога супрацоўніка да іншага наймальніка, каб пазбегнуць выкарыстання яго працы не па правілах.
За парушэнне гэтых правілаў працадаўцу пагражае адміністрацыйная адказнасць, а мігрантам — датэрміновае скасаванне працоўнай дамовы і высылка з краіны.
Усе гэтыя меры не датычаць мігрантаў з грамадзянствам дзяржаў-чальцоў ЕАЭС.
Раней Лукашэнка заявіў пра намер запрасіць у Беларусь 100-150 тысяч мігрантаў з Пакістана. Улады адказалі, што гатовыя адправіць на працу ў Беларусь да 198 000 чалавек. Магчымы прыезд пакістанцаў у Беларусь выклікаў вялікі рэзананс у грамадстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.