Пра вяртанне да пяцібальнай сістэмы адзнак Лукашэнка раіўся з малодшым сынам

Аляксандр Лукашэнка сумняецца ў тым, што трэба вяртацца да пяцібальнай сістэмы адзнак. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанні настаўнікаў на рэспубліканскім педсавеце, перадае БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што старэйшае пакаленне прызвычаілася да пяцібальнай сістэмы, а моладзь ужо даўно навучаецца па дзесяцібальнай. "Шмат бацькоў — за дзесяцібальную сістэму: прывыклі, ім нармальна, некаторыя асабліва і не ўнікаюць у гэта. Але большасць, я так адчуваю, усё-ткі схільныя да пяцібальнай: было прасцей", — патлумачыў ён. Разам з тым, Лукашэнка лічыць, што пытанне, па якой сістэме ацэньваць веды вучня, у дадзеным выпадку перабольшанае.
Кіраўнік Беларусі прызнаўся, што цікавіўся на гэты конт меркаваннем свайго малодшага сына Мікалая. Той адказаў, што 10-бальная сістэма нармальная, і да яе ўжо ўсе прывыклі. "Таму з усіх пунктаў, з усіх каардынатаў, якія мне як прэзідэнту ўдаецца атрымаць, я раблю выснову, што нам спяшацца не трэба. Трэба паглядзець, дзесьці гэтую сістэму страсянуць, калі мы бачым нейкія недахопы. Хоць я асабіста прыхільнік пяцібальнай сістэмы: прасцей, добра і зручна, усё зразумела. Але ўсё-такі цяпер ужо, па сканчэнні гадоў працы гэтай дзесяцібальнай сістэмы, я адчуваю, што яна прыжылася", — канстатаваў Лукашэнка.