Польскія вытворцы патрабуюць забараніць імпарт гуркоў з Беларусі і Расіі

Гурок, ілюстрацыйнае фота

Гурок, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Польскія вытворцы гародніны патрабуюць, каб урад забараніў імпарт гуркоў і таматаў з Беларусі і Расіі. Яны кажуць пра няроўныя ўмовы праз кошт энэргарэсурсаў і ўведзеныя Расіяй санкцыі супраць еўрапейскай гародніны,.

У каментары парталу o2.pl аперацыйны дырэктар Асацыяцыі вытворцаў таматаў і гуркоў у цяпліцах Лукаш Гвіздала расказаў, што асацыяцыя вядзе па гэтым пытанні актыўныя перамовы з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і Міністэрствам навакольнага асяроддзя. Чыноўнікі, паводле яго, ставяцца з разуменнем.

"Сумесна мы выпрацавалі пазіцыю, згодна з якой добрым рашэннем было б заахвоціць органы ЕС увесці эмбарга на экспарт гуркоў і таматаў з Расіі і Беларусі. Рашэнне па гэтым пытанні можа быць прынята на працягу месяца або двух. Мы чакаем яго ўкаранення", — заявіў Гвіздала.

Ён дадаў, што польскія вытворцы нясуць большыя выдаткі, бо абавязаныя выконваць нормы ЕС па якасці і вытворчасці прадукцыі. У расіян такіх абавязацельстваў няма. Гвіздала мяркуе, што гэта несумленная канкурэнцыя.

"Каб вырошчваць таматы і гуркі ў цяпліцах, іх трэба абаграваць. Для гэтага мы выкарыстоўваем вугаль, які праз вайну моцна падаражэў. У расіян ёсць доступ да ўласных энергетычных рэсурсаў, а значыць і больш нізкія вытворчыя выдаткі. Калі яны прадаюць прадукцыю ў Польшчы, гэта несумленная канкурэнцыя, бо ў нас абмежаваны доступ да таннай энергіі", — патлумачыў ён сваю пазіцыю.

Прадстаўнікі польскіх вытворцаў таксама звяртаюць увагу на выпадкі, калі прадукцыя з Беларусі ці Расіі ў еўрапейскіх крамах не мае маркіроўкі пра краіну паходжання. Паводле іх, такія выпадкі здараюцца нярэдка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.