Польская мытня абвяргае правоз партыі выбухоўкі праз мяжу

Беларускія службы дэманструюць, як знайшлі выбухоўку

Беларускія службы дэманструюць, як знайшлі выбухоўку / Мытны камітэт

Польскія памежнікі і мытнікі абвяргаюць інфармацыю, што праз пункт пераходу ў Тэрэспалі ў Беларусь везлі буйную партыю выбухоўкі. Звесткі, распаўсюджаныя беларускімі службамі яны называюць "прапагандысцкімі высілкамі рэжыму".

"Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы не пацвярджае інцыдэнту з вывазам з Польшчы ў Беларусь 580 кг выбуховых рэчываў", — перадае "Белсат" словы прэс-сакратара палаты падатковага адміністравання ў Любліне Міхала Дэруся. Гэтая ўстанова адказвае за працу мытнікаў у пункце пропуску ў Тэрэспалі на мяжы з Беларуссю.

Дэзінфармацыяй з боку афіцыйнага Мінска назваў звесткі пра выбухоўку і Дар'юш Сяніцкі — спікер Надбужанскага аддзела Памежнай аховы Польшчы, у які ўваходзіць пераход у Тэрэспалі: "Мы не каментуем матэрыялаў, што публікуюць службы Беларусі, разглядаючы іх як элементы дэзінфармацыі".

6 красавіка Мытны камітэт Беларусі заявіў пра затрыманне самай буйной у гісторыі Беларусі партыі выбухоўкі — 580 кг везлі ў мікрааўтобусе "Мерсэдэс", схаваўшы ў падлозе і сценках аўто. Згодна з версіяй прапагандыстаў, мікрааўтобус мусіў даставіць небяспечны груз у Расію.

Кіроўцу затрымалі. Ім быў 41-гадовы грамадзянін Беларусі Яўген Манько, які сказаў, што яго выкарысталі ўцёмную.

Прадстаўнік "Белпола" Уладзімір Жыгар звярнуў увагу, што фігуранта справы занадта хутка паказалі ў тэлеэфіры. На яго думку, такая публічнасць магла б нашкодзіць следству, калі б яно вялося належным чынам: "Уявім, што ён насамрэч перавозіў выбуховыя рэчывы. Не варта яго паказваць, бо неабходна правесці аператыўныя захады, каб зразумець, хто датычны, куды гэта везлі, навошта. А адразу паказаць чалавека па дзяржаўным тэлебачанні — гэта закрыць сабе шлях для расследавання злачынства, калі яно насамрэч было".

Жыгар сумняецца ў версіі афіцыйнага Мінска наконт выбухоўкі: "Мы ведаем, як яны прарывалі мяжу самыя, дохлыя пацукі ў вядры, нейкія вялікія сховішчы са зброяй у 2010 годзе... Верыць у гэта, мякка кажучы, цяжка".

У 2017 годзе ў Беларусь праз мяжу з Украінаю нібыта прарываўся джып са зброяй. Пазней "Белпол" высветліў, што кіраваў машынай супрацоўнік цэнтральнага апарата КДБ Сяргей Балобін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.