Звесткі пра затрыманую выбухоўку могуць быць дэзінфармацыяй — NASK

Выбухоўка, выяўленая беларускай мытняй / Мытны камітэт
Паведамленні пра буйную партыю выбухоўкі, затрыманую на беларускай мяжы, хутчэй за ўсё, з'яўляюцца дэзінфармацыяй. Пра гэта паведамляе тэлеканал Polsat, спасылаючыся на польскі даследчы інстытут NASK, які спецыялізуецца на кібербяспецы.
Пра затрыманую партыю выбухоўкі, найбуйнейшую ў гісторыі Беларусі, заявіў 6 красавіка Дзяржаўны мытны камітэт. Паведамлялася пра 580 кг "асабліва магутнага выбуховага рэчыва замежнай вытворчасці (меркавана ЗША)", якое везлі ў мікрааўтобусе "Мерсэдэс". Гаварылася, што яго праз беларуска-польскую мяжу вёз у Расію 41-гадовы кіроўца. Мытнікі, маўляў, падчас сканавання аўтамабіля пабачылі "нехарактэрныя зацямненні" ў падлозе аўто і ў сценцы, якая падзяляе грузавы і пасажырскі адсекі.
Кіроўцу затрымалі, яго грамадзянства не называлася. Пазней дзяржСМІ паведамілі, што мужчыну завуць Яўген Манько. Ён заявіў, што пра выбухоўку нічога не ведаў і яго выкарысталі ўцёмную.
Брэсцкая мытня пачала крымінальную справу. За кантрабанду выбуховых рэчываў кіроўцу пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Як паведаміла прэс-служба Лукашэнкі, увечары 7 красавіка яму затэлефанаваў Пуцін, каб падзякаваць за затрыманне гэтай партыі выбухоўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.