Польшча ўзмацняе кантроль за санкцыямі супраць Беларусі і Расіі
Анджэй Дуда
Польшча ўзмацняе кантроль за выкананнем санкцый, накладзеных на рэжымы Беларусі і Расіі. Адпаведныя папраўкі змяшчаюць змены ў закон аб мерах супрацьдзеяння падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароны нацыянальнай бяспекі.
Іх 9 студзеня прыняў польскі сейм, а 7 лютага падпісаў прэзідэнт Анджэй Дуда.
Асноўныя змены выглядаюць так:
— узмацненне кантролю за выкананнем санкцый;
— тэрмін часовага прымусовага кіравання замарожанымі актывамі павялічваецца з 24 да 36 месяцаў;
— патрабаванні да экспарцёраў тавараў становяцца больш жорсткімі, каб прадухіліць абыход санкцый у дачыненьні да Беларусі і Расіі;
— у дзяржаўных закупках забаронена ўдзельнічаць кампаніям і асобам, уключаным у санкцыйны спіс.
Экспарцёры абавязаныя:
— указваць канчатковага атрымальніка тавараў і пацвярджаць, што груз не прызначаны для Расіі ці Беларусі;
— падпісваць заяву пад пагрозай крымінальнай адказнасці, што тавары не будуць прададзеныя, перапрацаваныя або складзіраваныя ў РФ ці РБ.
Новыя паўнамоцтвы атрымлівае і падатковая адміністрацыя (KAS):
— падатковыя органы змогуць самі канфіскоўваць тавары і перадаваць іх ва ўласнасць дзяржавы, калі выявяць парушэнне санкцый;
— у рамках барацьбы з адмываннем грошай узмацняецца кантроль за фінансавымі патокамі, звязанымі з РФ і РБ;
— Галоўны інспектар фінансавай інфармацыі атрымлівае пашыраныя паўнамоцтвы па зборы даных аб накладзеных штрафах.
Змены набудуць моц праз 14 дзён пасля афіцыйнай публікацыі.