Двух беларусаў арыштавалі ў Літве за пастаўку аўтамабіляў у абыход санкцый

У траўні 2024-га літоўская мытня арыштавала на мяжы з Беларуссю аўтамабілі Tesla Cybertruck

У траўні 2024-га літоўская мытня арыштавала на мяжы з Беларуссю аўтамабілі Tesla Cybertruck / lrmuitine.lt

У Літве арыштавалі двух беларусаў і двух літоўцаў за пастаўкі грузавой тэхнікі і люксавых аўтамабіляў у Расію і Беларусь у абыход міжнародных санкцый

Аднаго беларуса арыштавалі на месяц, другога — на два. Для літоўцаў абралі больш мяккія меры стрымання. Пра гэта паведамляецца на сайце літоўскай мытні.

Падчас ператрусаў у Вільні і Рудаміне ў памяшканнях кампаній, якія займаюцца грузаперавозкамі і продажам тэхнікі, літоўскія сілавікі затрымалі 17 грузавікоў і 15 паўпрычэпаў на агульную суму 1,2 мільёна еўра. Таксама ў гэтых памяшканнях знайшлі кантрабандныя цыгарэты.

Крымінальная служба літоўскай мытні займаецца расследаваннем, падазраючы, што кампаніі займаліся перапраўкай транспартных сродкаў у РФ і РБ у абыход санкцый. Па версіі следчых, яны пераправілі ў Беларусь і Расію каля 30 транспартных сродкаў. У іх ліку называюцца цягачы і паўпрычэпы, а таксама легкавыя аўтамабілі класа люкс — BMW X3, BMW X5, BMW X6, BMW X7 2024 году выпуску, Mercedes-Benz G-Class ды іншыя. Агульны кошт гэтых машын можа дасягаць 1,7 мільёна еўра.

Следчыя адзначаюць, што аўтамабілі заставаліся зарэгістраванымі ў Літве, але адначасова іх таксама зарэгістравалі ў Расіі ды Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.