“Пінскага пустэльніка” адправілі ў спец-ПТВ
Падлетка, які год таму ўцёк са школы-інтэрната і 40 дзён хаваўся ў лясной зямлянцы накіравалі ў спецыяльную вучэльню закрытага тыпу.
Як паведаміў тэлеканал “Пінск” ў сталіцы Палесся адбыўся паказальны суд над падлеткамі, якія не паддаюцца выхаванню і пастаянна парушаюць закон. У выніку трох злосных правапарушальнікаў пінскі суд накіраваў у спецвучэльню, дзе ўмовы ўтрымання амаль як у выхаваўчай калоніі.
Цікава, што такі сумны лёс напаткаў і так званага “Пінскага пустэльніка”: падлетак працягваў збягаць, здзяйсняць дробныя крадзяжы і ўжываць алкаголь.
Нагадаем, Еўрарадыё паведамляла, як 15-гадовы хлапец збег са школы-інтэрнату і 40 дзён жыў у зямлянцы, абкрадаючы бліжэйшыя лецішчы. Міліцыянты знайшлі уцекача, і за крадзеж яму прысудзілі 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Аднак, розгалас аб гэтым выпадку ў сродках масавай інфармацыі расчуліў беларусаў і яны сабралі для малагадовага злодзея больш за 10 мільёнаў рублёў, каб кампенсаваць страты пацярпелым дачнікам.
Пасля касацыі суд вырашыў змягчыць вырак і пакінуў хлопца на волі.