Пенсіянерка папрасіла двух суседскіх падлеткаў скрасці для яе сена

У Пухавіцкі РАУС звярнуўся дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ "Племзавод "Індустрыя". Ён паведаміў, што невядомыя скралі ўначы з поля пяць рулонаў свежанарыхтаванага сена. Кожны з рулонаў важыць каля паўтоны.

Аператыўнікі пачалі пошукі скрадзенага. На адным з падворкаў яны заўважылі пажылую жанчыну, якая карміла свайго каня свежым сенам. У прысутнасці міліцыянтаў жанчына выдзірала сена з рулона, спакаванага прамысловым чынам.

Міліцыянтам 73-гадовая жанчына заявіла, што не ведае наконт скрадзеных з поля рулонаў сена. Але пры аглядзе гаспадарчых пабудоваў аператыўнікі знайшлі яшчэ чатыры скрадзеныя рулоны, адзначае БЕЛТА.

Высветлілася, што пенсіянерка папрасіла двух суседніх падлеткаў (15- і 16-гадовага) прыкаціць з суседняга поля некалькі рулонаў сена. Уначы падлеткі выканалі суседчыну просьбу: прыкацілі ёй пяць вялікіх рулонаў і нічога не ўзялі за свае паслугі.

Цяпер Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за крадзеж. Сена вярнулі законнаму ўладальніку.

Фота: БЕЛТА