Пастка для кіроўцаў: у ДАІ паказалі новы сродак сачэння за хуткасцю

"Аракул" / pressmvd
ДАІ будзе лавіць парушальнікаў ПДР схавана з дапамогай новага прыбора "Аракул". Як паведамляе прэс-служба МУС, яго ўжо пачалі выкарыстоўваць.
"Аракул" усталёўваецца непасрэдна ў патрульныя машыны і дазваляе аўтаматычна фіксаваць парушэнні хуткаснага рэжыму як у папутным, так і ў сустрэчным кірунку. Ён адначасова кантралюе да чатырох палос руху і счытвае нумары аўтамабіляў на адлегласці да 500 метраў.

Важна, што папераджальных знакаў аб працы "Аракула" на дарогах не будзе. Кіроўцы даведаюцца пра фіксацыю парушэння ўжо постфактум — атрымаўшы так званы "ліст шчасця".
У ДАІ нагадваюць, што ўстаноўка знакаў аб фота- і відэафіксацыі — гэта не абавязак ведамства, а толькі дадатковая інфармацыя для кіроўцаў. Больш за тое, калі раней радыёлакатар ставілі на адлегласці не больш за 150 метраў ад папераджальнага знака, то цяпер інспектары могуць размяшчаць іх на адлегласці да двух кіламетраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.