Пасол Чэхіі: З прэзідэнтам Беларуcі мы больш за ўсё гаварылі пра хакей

Еўрарадыё: Ці стала для вас сюрпрызам прызначэнне паслом менавіта ў Беларусь?

Мілан Экерт: Так, гэта стала вялікім сюрпрызам, калі летась мяне запрасіў міністр замежных спраў і спытаўся: “Што скажаш, калі будзеш прызначаны новым паслом у Рэспубліку Беларусь?” Я разгубіўся: “Спадар міністр, ведаеце, у мяне былі іншыя планы”… Справа ў тым, што ў нас былі сяброўскія адносіны з людзьмі, з якімі разам працавалі ў Кіеве і гэтая група людзей планавала, што будзе сумесна працаваць у Баку. Я ўжо нават сваю сям’ю папярэдзіў, што магчыма паедзем у Баку.

Еўрарадыё: Вам патлумачылі прычыну такога рашэння?

Мілан Экерт: Патлумачылі гэта наяўнасцю ў мяне вопыту працы на Усходнееўрапейскай прасторы — я амаль 5 гадоў працаваў у Кіеве. Сказалі: “Ты ведаеш менталітэт людзей, ведаеш, як у гэтай прасторы рухацца, гаварыць з людзьмі і, магчыма, дасягнуць нейкіх поспехаў”. Частка праўды ў гэтым ёсць і я папрасіў у міністра 24 гадзіны падумаць. Расказаў сябрам пра тое, што ўзяў час падумаць і яны не верылі, думалі, што за такую магчымасць чалавек павінен ухапіцца дзвюма рукамі.

Еўрарадыё: Гэта лічыцца такім прэстыжным, паехаць паслом у Беларусь?

Мілан Экерт: Для супрацоўніка Міністэрства замежных спраў гэта самы высокі ўзровень, калі чалавек стане паслом. У любой краіне.

Еўрарадыё: Тое, што стаць паслом прэстыжна, зразумела, але ці прэстыжна паехаць паслом у Беларусь?

Мілан Экерт: Людзі, якім я казаў пра прапанову міністра, заўжды працавалі ў Сярэдняй альбо ва Усходняй Еўропе. І яны даводзілі мне, што калі я ведаю гэты рэгіён, то глупствам будзе адмаўляцца ад такой прапановы.

Еўрарадыё: Сумневаў, што “я не ведаю гэтай краіны” ці “там жа апошняя дыктатура Еўропы!” не было?

Мілан Экерт: Я ўвогуле не думаў пра гэта. І адразу пачаў чытаць кнігі па Беларусі, крыху ведаў пра вашу краіну з часоў працы ў Кіеве. Апроч таго, працу ў Беларусі я ўспрыняў як добрую магчымасць для сябе асабіста. Я вельмі люблю гісторыю з дзяцінства, займаўся ваеннымі баталіямі часоў Напалеона, Першай і Другой сусветных войнаў. Тэрыторыя Беларусі ў гэтым сэнсе вельмі цікавая, усе войны, якія ішлі з Захаду на Усход, моцна закранулі вашу краіну. У гісторыі шмат рэчаў, якія яднаюць нашы дзяржавы. Да прыкладу, прозвішча Францішка Скарыны. А людзі, якія глыбока вывучаюць гісторыю, распавядалі мне, што першыя славяне, якія прыйшлі на землі Чэхіі, былі адсюль, з прастораў Беларусі — яны былі заснавальнікамі Чэхіі. Таму я хачу ўбачыць усе вашы землі. І за тры месяцы сваёй працы ў Беларусі я ўжо наведаў усе абласныя гарады апроч Віцебска. Але будзе “Славянскі базар”, наведаю і гэты горад. Паўсюль я сустракаўся з кіраўніцтвам гэтых абласцей. Бо маю намер адкрыць дзверы супрацоўніцтва паміж абласцямі Чэхіі і Беларусі. Каб людзі больш даведаліся адзін пра другога, каб узніклі магчымасці для супрацоўніцтва. І хачу зразумець выклікі, якія кранаюць рэгіянальныя эканомікі.

Еўрарадыё: Апішыце сённяшнюю еўрапейскую палітыку ў дачыненні да Беларусі?

Мілан Экерт: Еўропа чакае хоць нейкіх рашэнняў з беларускага боку, толькі з беларускага боку ніякіх зрухаў не робіцца. Але я заўважыў у апошні час пачалі перамовы па лібералізацыі візавага рэжыму. Спадзяюся, што яны будуць паспяховымі, гэта стане прыемным сюрпрызам для беларусаў. Беларусь наведалі некалькі прадстаўнікоў Еўракамісіі, якія вялі перамовы наконт эканамічнага супрацоўніцтва, каб крыху “падняць” праграму “Усходняга партнёрства”. Ёсць праграма па мадэрнізацыі ў межах “Усходняга партнёрства”, я спадзяюся, беларускае кіраўніцтва вызначыцца і ў будучым пачне працаваць у межах і гэтай праграмы. Але! Еўрапейскі саюз вызначыў сваю палітыку адносна Беларусі. А Чэшская Рэспубліка з’яўляецца сябрам ЕС і наша пазіцыя ў гэтым зразумелая.

Еўрарадыё: Ад чаго яшчэ залежыць пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і ЕС?

Мілан Экерт: Як пройдуць наступныя выбары. Спадзяюся, што будуць на выбары 2015 года запрошаныя місіі назіральнікаў, каб зафіксаваць, як усё прайшло. А мы будзем чакаць ацэнкі гэтых выбараў. А пасля паглядзім, ці будзе нейкая магчымасць наладзіць адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Еўрарадыё: Ці не згасла ідэя “Усходняга партнёрства”? Перспектыў на ўваходжанне ў ЕС краінам-партнёрам ініцыятыва не дае, Украіну вунь да чаго давяла. Як вы ацэньваеце патэнцыял беларускага ўдзелу ў гэтай праграме?

Мілан Экерт: Пасля таго, як Чэхія падпісала “Дамову аб асацыяцыі з ЕС” мы яшчэ 8 гадоў чакалі ўваходжання ў склад Еўрасаюза. Але галоўнае, каб была мэта. Шлях да здзяйснення мэты пачынаецца з ажыццяўлення магчымасці стаць асыцыяваным сябрам Еўрасаюза. Для гэта неабходна папрацаваць. Я памятаю, як мы на пачатку гэтага шляху параўноўвалі заканадаўства ЕС і Чэхіі і ўбачылі, што мы павінны адаптаваць дзесьці 80 тысяч старонак еўрапейскага заканадаўства, гэта была вялікая праца. Што да Усходняга партнётсва… Там шэсць дзяржаў і кожная з іх — партнёр па-рознаму. Нехта сябе лічыць больш важным партнёрам. Але на самой справе, там ёсць праграмы і ад дзяржавы залежыць, як яна гэтымі праграмамі скарыстаецца. Я быў бы рад, калі б беларускія студэнты напоўніцу карысталіся праграмамі “Erasmus Plus” ілі “Tempus”, бо ў іх з’яўляецца шмат магчымасцяў спазнаць жыццё Еўропы. Калі казаць пра “Праграма па мадэрнізацыі Беларусі”, якая яшчэ не выкарыстаная беларускім бокам, то яе можна паспяхова скарыстаць для мадэрнізацыі прамысловасці. Карыстайцеся тымі магчымасцямі, якія Усходняе партнёрства дае! Калі ў наступным годзе Беларусь будзе напоўніцу працаваць у межах супрацоўніцтва ЕўрАзЭС Еўропа павінна будзе неяк на гэта рэагаваць і падрыхтаваць новыя праграмы супрацоўніцтва Беларусі і ЕС.

Еўрарадыё: Дыпламаты сустракаюцца не толькі з прадстаўнікамі ўлады, але і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ды апазіцыі, у вас ужо былі такія сустрэчы?

Мілан Экерт: Калі чалавек хоча спазнаць краіну, то ён павінен цікавіцца ўсім магчымым у гэтай краіне. Я папярэджваў, калі перадаваў копіі маіх даверных грамат у Міністэрства замежных спраў, што хачу, каб у мяне была поўная карціна таго, што тут адбываецца. Спачатку я сустрэўся са сваімі калегамі-дыпламатамі, а потым сустрэўся з жанчынамі, чые мужы знаходзяцца за каратамі, сустрэўся з прадстаўнікамі НДА ў Магілёве, меў вельмі шчырую размову з жонкай Алеся Бяляцкага, сустракаўся са студэнтамі.

Еўрарадыё: Сустракаліся вы ўжо і з кіраўніком Беларусі, якія ўражанні?

Мілан Экерт: Уражанні… цікавыя. Больш за ўсё мы гаварылі пра хакей, я ведаю, што спадар прэзідэнт вельмі любіць хакей. Калі казаць пра яго, як пра чалавека, то хачу адзначыць, што гэта дзелавы чалавек, які займаецца абсалютна ўсім. Не бывае такога ў дзяржаве – людзі вызначаюцца з галіной працы і робяць яе. Я быў здзіўлены, у якой шырокай прасторы ён хоча мець усю інфармацыю і зрабіць нейкія свае высновы.

Еўрарадыё: Пакуль без "шенгена" у ЕС не патрапіш, ці лёгка атрымаць чэшскую візу, якія з гэтым ёсць праблемы і складанасці?

Мілан Экерт: Галоўнае — прачытаць нашу старонку і дакладна ведаць, колькі і якіх дакументаў неабходна прынесці ў консульства на візу. Калі пакет дакументаў будзе поўны і не ўзнікае ніякіх сумневаў наконт іх, то і праблем не будзе — ніхто тут не хоча павялічваць нагрузку на заяўніка. Бываюць выпадкі, калі мы тэлефануем у Чэхію, каб спраўдзіць інфармацыю пра запрашаючы бок, якая ўказаная ў анкеце заяўніка, і не можам датэлефанавацца, тады ў візе могуць адмовіць. Але такія выпадкі рэдкія. Затое, у нас ёсць магчымасць адмяніць плату за візу. Найперш гэта тычыцца студэнтаў, пенсіянераў, груп, якія займаюцца культурнай дзейнасцю. Ад 30-40% віз мы выдаём бясплатна. У нашым консульстве не працуюць драконы, але мы хочам, каб усё было сумленна. І калі чалавек атрымлівае чэшскі "шэнген", то мы не хочам, каб ён быў скарыстаны для, напрыклад, паездкі за пакупкамі ў Латвію. Я б хацеў, каб людзі, якія заяўляюць пра жаданне наведаць Чэхію, найперш наведалі нашу краіну, а потым ехалі і ў іншыя краіны. Але каб больш часу яны ўсё ж правялі ў Чэхіі. Бо бываюць выпадкі: адкрываеш пашпарт, для нашых супрацоўнікаў гэта адразу бачна, дзе чалавек перасякаў мяжу, як доўга быў за мяжой і адкуль вярнуўся.

Еўрарадыё: Еду я ў Чэхію праз польскую мяжу і праз яе ж вяртаюся, як даведацца, ці сапраўды я быў у Празе?

Мілан Экерт: У анкеце чалавек піша, што будзе жыць у пэўным гатэлі і нашы супрацоўнікі часам туды тэлефануюць і спраўджваюць інфармацыю. Магчыма, што чалавек ў апошні момант адмяніў сваю бронь. З самалётам і ўвогуле ўсё зразумела. Але вы маеце рацыю, часам бываюць складанасці з тым, каб праверыць, як усё было на самой справе. Мы хацелі б, каб людзі паводзілі сябе сумленна, былі шчырыя ў тым, што расказваюць тут.

Еўрарадыё: Што вас здзівіла ў Беларусі, падалося незвычайным, нязвыклым?

Мілан Экерт: Беларусь — дзяржава з нетыповым спакоем. У Кіеве я пастаянна адчуваюць нейкую энергію – ці то пазітыўную, ці то негатыўную, але чалавек там пастаянна нешта такое адчувае. Пастаянна адчуваецца нейкі рух, непакой. Тое ж у Чэхіі. А тут я адчуваю такі цікавы спакой. Я нарадзіўся ў горадзе Плзэнь і адна з рэчаў, па якой я пастаянна сумую, гэта плзэньскае піва. Але ўжо паспрабаваў піва беларускае і мушу адзначыць, што піва “Крыніца” і “Лідскае” вельмі смачнае. Але яно іншае, чым чэшскае — там іншыя традыцыі.

Еўрарадыё: У нас усе ведаюць, што любы дыпламат, а тым больш пасол, абавязкова шпіён. Якое ў вас званне ў чэшскай контрвыведцы?

Мілан Экерт: Калі ўспрымаць слова шпіён пазітыўна, то можна сказаць, што кожны пасол — крыху шпіён. Бо ён павінен даведацца ўсё пра краіну, дзе ён працуе. І пасля гэта мусіць перадаць правільную, нічым не сапсаваную карціну аб сітуацыі ў гэтай краіне, на сваю радзіму. Каб дома прымалі правільныя рашэнні і крыху разумелі гэтую краіну. Так што, праца любога пасла ў пэўным сэнсе звязаная са шпіёнствам. Але я б сказаў, што з мелкім шпіёнствам. Але асабіста я ніколі не атрымліваў прапаноў змяніць профіль працы.

Еўрарадыё: Як паставілася сям’я да вашага прызначэння ў Беларусь?

Мілан Экерт: Добра. Хоць спачатку яны таксама былі здзіўленыя гэтай прапановай міністра. Але пасля Кіева ў жонкі няма праблем, каб разумець людзей, можам без праблем наведваць гандлёвыя цэнтры, розныя мерапрыемствы. Мінск — горад зялёны і гэта добра для майго маленькага сына, ён зможа гуляць на прыродзе. Мяркую, і Мінск, і Беларусь бяспечныя для маёй сям’і.

Еўрарадыё: Плануеце вывучыць беларускую мову?

Мілан Экерт: Абавязкова! У мяне няма праблем з разуменнем і беларускай, і ўкраінскай моваў. Я нібыта сабака: усё выдатна разумею, але гаварыць яшчэ не магу. Спадзяюся, да заканчэння свайго тэрміну тут, абавязкова вывучу беларускую мову. Яна вельмі меладычныя, мне вельмі падабаюцца. Гэтыя мовы крыху падобныя да чэшскай, мне падаецца. Больш, чым руская. На жаль, людзі ў Чэхіі гэтага не ведаюць, бо атаясамліваюць гэтую прастору выключна з рускай мовай.

Еўрарадыё: Якое ў вас хобі?

Мілан Экерт: У мяне адно хобі — музыка. Ад класічнай да сучаснай. У мяне з сабой выдатная гітара, яна можа граць без мяне, ёй мая прысутнасць не абавязковая. Найперш, я люблю джаз, музыку свабоды, і вельмі-вельмі люблю блюз. Але ўвогуле, вельмі шмат ведаю пра розную музыку — хочаце, можаце праверыць!

Фота: Еўрарадыё