Пасля прыёму наркотыкаў два мінчукі парэзалі адзін аднаго
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на 34-гадовага мінчука. Яго падазраюць у забойстве з асаблівай жорсткасцю.
Як інфармуе БелаПАН, раніцай 24 сакавіка ў сваёй кватэры з множнымі колата-рэзанымі ранамі быў знойдзены труп 33-гадовага мінчука. З месца злачынства з нажавым раненнем у жывот шпіталізаваны падазраваны ў забойстве.
Устаноўлена, што падазраваны і загінулы раней неаднаразова былі судзімыя, у тым ліку за злачынствы, звязаныя з незаконным абарачэннем наркотыкаў. Характарыстыкі абодвух мужчын, шматлікія сляды ад ін'екцый, забраныя з месца злачынства скарыстаныя шпрыцы ды іншыя рэчавыя доказы па справе даюць следчым падставы меркаваць, што забойства адбылося пасля сумеснага ўжывання наркотыкаў.
На допыце падазраваны пацвердзіў, што пасля ўжывання не устаноўленага пакуль наркатычнага сродку ён і яго прыяцель страцілі кантроль над сабой. У выніку гэтага ўзнік канфлікт, які завяршыўся забойствам.