Пасля праверкі КДБ у Жлобіне пачынаецца новы "паляўнічы скандал"
У яго патрапілі і мясцовыя чыноўнікі, і кіраўнікі Беларускага металургічнага завода. Распачатая крымінальная справа.
Першы "паляўнічы скандал" у Жлобіне адбыўся ў 2009-м. Тады быў зняты гендырэктар БМЗ, распачатыя некалькі крымінальных спраў, была справакаваная "вайна" паміж КДБ і МУС. Аляксандр Лукашэнка стаў на бок дзяржбяспекі і загадаў пакараць вінаватых.
Як паведамляе "Ежедневник", нядаўна КДБ праверыў абставіны прыватызацыі Жлобінскай паляўнічай гаспадаркі. Высветлілася, што VIP-персоны Жлобінскага раёна вырашылі з дапамогай мясцовых уладаў "засцерагчы свае тылы", каб надалей у лясах можна было паляваць без аглядкі на КДБ і кіраўніка дзяржавы. З гэтай мэтай і была задуманая прыватызацыя паляўнічай гаспадаркі. Пры гэтым яе новым уладальнікам стала адна з нямецкіх фірмаў, адзін з асноўных партнёраў БМЗ.
Падставай для распачацця крымінальнай справы сталі парушэнні працэдуры падчас прыватызацыі і асабістая зацікаўленасць чыноўнікаў. Пакуль па ёй праходзіць толькі былы намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Справу перадалі ў Следчы камітэт.
Фота — bymedia.net