"Пашпарт замежніка" для беларуса ў Літве можна будзе зрабіць за пяць дзён
Эвеліна Гудзінскайце / svaboda.org
У Літве "пашпарт замежніка" для беларуса можна падрыхтаваць за пяць дзён. Пра гэта дырэктарка дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайце расказала ў інтэрв'ю Радыё "Свабода".
Па словах літоўскай чыноўніцы, раней на такі дакумент вялікага попыту не было: "5 чалавек за год бывала, летась іх было 16, не было патрэбы ў такім дакуменце. У Літве цяпер жыве не адна тысяча беларусаў, якія выехалі і не могуць вярнуцца на радзіму. Рана ці позна ў іх скончацца пашпарты, і ім спатрэбіцца іншы дакумент".
Гудзінскайце запэўнівае, што працэс выдачы "пашпарта замежніка" не зойме шмат часу. Аднак кожная заява будзе разглядацца індывідуальна.
"Тэарэтычна, калі ўсе дакументы ў парадку, працэдура падрыхтоўкі пашпарта замежнага грамадзяніна займае 5 дзён. Для гэтага трэба зарэгістравацца на партале міграцыі, прыкласці доказы і тлумачэнні, якія яны маюць і якія кажуць, што гэтыя людзі не могуць вярнуцца ў Беларусь", — кажа дырэктарка міграцыйнай службы Літвы.
У Дэпартаменце па міграцыі давядзецца паказаць арыгіналы ўсіх дакументаў, уключна з тымі, якія сведчаць пра пераслед.
Выдавацца "пашпарт замежніка" будзе на падставе дзейнага дазволу на жыхарства. Атрымаць яго змогуць не толькі ўладальнікі гуманітарных візаў, але і тыя, хто мае працоўны дазвол ці іншы дакумент.
Як распавядала Еўрарадыё, цяпер гэты дакумент мае тэрмін дзеяння адзін год, аднак літоўскія ўлады хочуць павялічыць гэты тэрмін.