Памёр аўтар музычнага трэку да фільма "Місія неажыццявімая"

Лала Шыфрын / Reuters
26 чэрвеня ў бальніцы Лос-Анджэлеса памёр амерыканскі кампазітар Лала Шыфрын. Яму было 93 гады.
Яго сын расказаў журналістам, што смерць бацькі наступіла ў выніку ўскладненняў, выкліканых пнеўманіяй.
Лала Шыфрын нарадзіўся ў 1932 годзе ў сям'і габрэйскага скрыпача ў Аргенціне. Ён рана зацікавіўся джазам. Атрымаў стыпендыю для навучання ў Парыжскай кансерваторыі, а па начах падпрацоўваў піяністам у мясцовых клубах.
У Аргенціне ён стварыў свой аркестр, граў з такімі зоркамі джазу, як Дызі Гілеспі.
Свой першы музычны твор для Галівуда Шыфрын напісаў у 1963 годзе. Ад таго часу ён прыняў удзел у стварэнні больш як 200 кінапраектаў. Самай вядомай яго працай стала музычная тэма да фільма "Місія неажыццявімая". Гэтая мелодыя ўваходзіць у Залу славы "Грэмі".
Шыфрын выйграў чатыры прэміі "Грэмі" і шэсць разоў намінаваўся на "Оскар". На галівудскай Алеі славы ў яго ёсць персанальная зорка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.