Паліва, угнаенні, біягаз — як у іншых краінах абыходзяцца са сцёкавымі водамі

Дзеючы ілавы адстойник пад Мінскам

Дзеючы ілавы адстойник пад Мінскам / Blisch.by

З сярэдзіны красавіка ў сеціве не спыняецца абмеркаванне будоўлі пад Жодзіна вялікага назапашвальніка адкідаў з Мінска. Нягледзячы на тое, што жыхары горада і суседніх вёсак супраць патэнцыйна небяспечнага для экалогіі праекту, чыноўнікі настойваюць на сваім, сцвярджаючы, што праект бяспечны, і спыняць будоўлю няма ніякай нагоды.

Пры гэтым замежная практыка кажа, што фекаліі неабавязкова захоўваць пад адкрытым небам, як гэта робіцца ў Беларусі. Іх можна цалкам перапрацоўваць на карысць эканомікі, прыватнага бізнесу і грамадства.

Еўрарадыё расказвае, як у іншых краінах свету абыходзяцца з адкідамі жыццядзейнасці чалавека.

 

Амерыканскі небяспечны “біясолід”

У Злучаных Штатах сцёкавыя воды перапрацоўваюцца і ўтвараецца асадак, вядомы як “біясолід”. Каб зэканоміць на ўтылізацыі, Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя (EPA) дазволіла выкарыстоўваць яго ў якасці ўгнаення на сельскагаспадарчых землях. Аднак у біясолідах утрымліваюцца шматлікія небяспечныя рэчывы, у тым ліку PFAS — так званыя “вечныя хімікаты”, што не раскладаюцца ў прыродзе і назбірваюцца ў арганізме чалавека, выклікаючы сур'ёзныя захворванні.

Паліва, угнаенні, біягаз — як у іншых краінах абыходзяцца са сцёкавымі водамі
Ферма Стоўнрыдж у Арундэле, штат Мэн, якая была вымушана зачыніцца пасля высокага ўтрымання PFAS ў малацэ / Robert F Bukaty / AP

У апошнія гады высветлілася, што асадак, забруджаны PFAS, заражае глебу, ваду і сельскагаспадарчую прадукцыю, шкодзячы здароўю людзей і жывёл. Некаторыя штаты, напрыклад Мэн (паўночны ўсход ЗША), ужо забаранілі выкарыстанне біясолідаў пасля выяўлення масавага забруджвання ферм. У адказ на бяздзейнасць EPA грамадскія арганізацыі распачалі судовыя працэдуры, патрабуючы ўстанаўлення строгіх нормаў на ўтрыманне PFAS у сцёкавым асадках.

У выпадку забароны выкарыстання біясолідаў ЗША будуць вымушаныя перагледзець сістэму ўтылізацыі сцёкавых вод. Як піша The Guardian, магчымыя рашэнні ўключаюць стварэнне спецыялізаваных палігонаў для захавання асадкаў і ўкараненне тэхналогій па скарачэнні іх аб'ёмаў. Аднак гэта патрабуе значных фінансавых выдаткаў і рэфармавання ачышчальных збудаванняў, якія цяпер апрацоўваюць адкіды з усіх буйных гарадоў.

 

Фінскі цуд-завод

У жніўні 2023 года ў горадзе Эспа (Фінляндыя) пачаў працу ачышчальны завод Blominmäki — адзін з найбуйнейшых праектаў па перапрацоўцы сцёкавых вод у краіне. Агульны кошт будаўніцтва склаў каля 400 мільёнаў еўра, прычым частка фінансавання паступіла ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. 

Завод ачышчае сцёкі для прыкладна 400 тысяч жыхароў некалькіх муніцыпалітэтаў, а ў будучыні яго магутнасці могуць быць павялічаны да абслугоўвання аднаго мільёна чалавек.

Паліва, угнаенні, біягаз — як у іншых краінах абыходзяцца са сцёкавымі водамі
Завод Blominmäki / Helsinki Region Environmental Services HSY

Тэхналогія працы завода прадугледжвае транспарціроўку сцёкаў на адлегласць 8 кіламетраў да комплексу Blominmäki, а затым ачышчаная вада вяртаецца і скідаецца ў Фінскі заліў. Завод выкарыстоўвае традыцыйныя метады ачысткі, дапоўненыя інавацыйнымі сістэмамі фільтрацыі фосфару і азоту, што дазваляе дасягаць высокіх экалагічных паказчыкаў — 96% выдалення фосфару і 90% азоту.

Падчас ачысткі ствараецца глей, які праходзіць анаэробнае збраджэнне пры тэмпературы 35 градусаў у падземных рэзервуарах. З атрыманага біягазу завод забяспечвае сябе цяплом, і магчыма, у будучыні стане самадастатковым па электраэнергіі. Высушаны глей кампастуецца на спецыялізаваным прадпрыемстве, а спецыяльная 100-метровая труба мінімізуе пахі.

 

Здабыча фосфару са сцёкаў

Германія выкарыстоўвае высокатэхналагічныя метады кіравання сцёкавымі водамі. Штогод у краіне ўтвараецца каля 2 мільёнаў тон сухога асадку, прычым больш за палову гэтага аб’ёму падвяргаецца тэрмічнай апрацоўцы на спецыялізаваных установах. 

Сярод іх вылучаецца кампанія Klärschlammverbrennung GmbH у Гамбургу, якая штогод спальвае каля 1,3 мільёна тон асадку, атрымліваючы пры гэтым цеплавую энергію. Такі падыход дазваляе эфектыўна перапрацоўваць адкіды і зніжаць экалагічную нагрузку.

Інсінерацыя (спальванне) глею ажыццяўляецца як на спецыялізаваных заводах, дзе перапрацоўваецца выключна сцёкавы глей, так і ў межах выкарыстоўвання разам з іншымі відамі паліва — на вугальных электрастанцыях, цэментных заводах і смеццеспальвальных прадпрыемствах. 

У Германіі сёння дзейнічае каля 27 спецыялізаваных інсінерацыйных комплексаў. Нягледзячы на неабходнасць папярэдняй сушкі глею, якая змяншае энергетычную эфектыўнасць працэсу, гэты метад застаецца важным складнікам устойлівага кіравання сцёкавымі водамі.

Акрамя таго, Германія актыўна развівае тэхналогіі па здабычы фосфару са сцёкавага глею. Гэта спрыяе больш устойліваму выкарыстанню прыродных рэсурсаў і зніжае залежнасць краіны ад імпарту фосфарных угнаенняў. 

Такім чынам, перапрацоўка і выкарыстанне адкідаў у Германіі набывае не толькі экалагічнае, але і стратэгічнае эканамічнае значэнне.

 

Індыйская барацьба за чысціню

Нягледзячы на існуючыя стэрэатыпы аб Індыі як краіне з праблемамі санітарыі, мясцовыя ўлады насамрэч рэалізуюць маштабныя праграмы па паляпшэнні кіравання сцёкавымі водамі. Праграма Swachh Bharat Mission (“Місія чыстая Індыя”), якая дзейнічае з 2014 года, спрыяла будаўніцтву больш як 110 мільёнаў туалетаў, што значна скараціла ўзровень адкрытай дэфекацыі. Аднак гэта выклікала неабходнасць эфектыўнай перапрацоўкі фекальных мас.

Паліва, угнаенні, біягаз — як у іншых краінах абыходзяцца са сцёкавымі водамі
Публічная прыбіральня ў Індыі / NDTV Convergence Limited

У горадзе Дэванахалі, штат Карнатака, была створана ўстаноўка па перапрацоўцы фекальнага глею (FSTP), якая абслугоўвае каля 20 000 жыхароў. 

Штодня апрацоўваецца ад 2 000 да 2 200 літраў глею, які высушваецца ў розных модулях FSTP. Пасля гэтага глей змешваецца з арганічнымі камунальнымі адкідамі для вытворчасці кампосту, які пасля правядзення якасных выпрабаванняў прадаецца фермерам для сельскагаспадарчых патрэбаў. 

Іншыя пабочныя прадукты ўключаюць штодня атрымліваемыя 300 літраў біягазу, які выкарыстоўваецца для прыгатавання ежы на заводзе, а таксама сцёкавыя воды, якія выкарыстоўваюцца для ірыгацыі тэрыторыі завода.

 

Досвед Польшчы

На адрозненні ад Беларусі, у Польшчы з 2016 года забаронена захоўванне неапрацаваных сцёкавага глею. Найбольш распаўсюджанымі метадамі яго ўтылізацыі з'яўляюцца сельскагаспадарчае выкарыстанне (каля 32%) і тэрмічная апрацоўка (да 30%), уключаючы спальванне ў спецыялізаваных установах і цэментных печах. 

Таксама выкарыстоўваюцца метады часовага захоўвання на пляцоўках ачышчальных збудаванняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.