Літва закрывае мяжу з Беларуссю на месяц
На беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота
Урад Літвы на пасяджэнні 29 кастрычніка пастанавіў закрыць мяжу з Беларуссю яшчэ на месяц — да 30 лістапада. Пасля гэтага Кабінет міністраў вырашыць, ці працягваць абмежаванні надалей.
"Мы ўносім праекты, накіраваныя на ўрэгуляванне напружанай сітуацыі на мяжы і ў аэрапортах. Мы лічым, што гэтыя змены павінны стаць рэальным сігналам для нашага не вельмі прыязнага суседа, які не прыкладае ніякіх намаганняў для развязання праблемы", — цытуе LRT словы літоўскага міністра ўнутраных спраў Уладзіслава Кандратовіча.
Пры гэтым для некаторых падарожнікаў зробленыя паслабленні. Так, літоўскі ўрад пастанавіў цалкам закрыць памежны пераход "Шальчынінкай-Беняконі". А рух праз памежны пераход "Мядзінінкай — Каменны Лог" будзе толькі абмежаваны. Праз яго змогуць падарожнічаць дыпламаты, перавозіць дыпламатычную пошту. Таксама ён будзе адкрыты для людзей, якія падарожнічаюць па дакументах спрошчанага транзіту, грамадзян Літвы, якія вяртаюцца ў Літву, і членаў іх сем'яў. Скарыстацца гэтым пераходам змогуць таксама грамадзяне дзяржавы ЕС, Еўрапейскай эканамічнай зоны, краін NATO і члены іх сем'яў, якія прыязджаюць у Літву, замежнікі, якія вяртаюцца ў Літву на падставе дзеючых у краіне відаў на жыхарства, а таксама замежныя грамадзяне з гуманітарнымі візамі.
Прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене назвала сітуацыю на беларускай-літоўскай мяжы гібрыднай атакай. Яна адзначыла нязручнасці, якія ствараюцца для некаторых жыхароў, але бяспека ўсіх грамадзян мусіць стаць прыярытэтам.
Літва закрыла мяжу з Беларуссю позна ўвечары 26 кастрычніка. Гэта адбылося пасля чарговага масавага ўварвання метэазондаў з тэрыторыі Беларусі. На мінулым тыдні аэрапорты Літвы чатыры разы закрываліся праз аэрастаты, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі кантрабандных цыгарэт. Войска Літвы атрымала дазвол збіваць такія аб'екты.