Палітвязень Ігар Лосік упершыню за 22 месяцы пабачыў дачку Паўліну
Палітвязень Ігар Лосік змог пабачыцца з дачкой Паўлінай упершыню за 22 месяцы. Пра гэта яго жонка Дар'я распавяла радыё, прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім.
Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. Пазней яго асудзілі на 15 гадоў па "справе Сяргея Ціханоўскага".
Яго дачцэ цяпер тры з паловай гады. Жонка Ігара Дар'я Лосік атрымала магчымасць спаткання з ім у гомельскім СІЗА №3.
Па словах Дар'і, Паўліна павіншавала бацьку з будучым днём народзінаў: "Паўліна праспявала Ігару "Happy Birthday to you" па-англійску, чытала яму алфавіт, лічбы, крыўлялася, вельмі актыўна ўдзельнічала ў размове. Ігар... Шчыра кажучы, я ўжо шмат да чаго прывыкла. Шмат што ўспрымаю спакойна. Але адносіны Ігара да дачкі... Нават у тых сем’ях, якія жывуць разам і ў якіх усё добра, часам такога нельга пабачыць. Слёзы на вачах, у гэтай сітуацыі іх не магло не быць папраўдзе. У Ігара тым больш. Гэта вельмі цяжка было эмацыйна".
Па словах жонкі, Ігар Лосік скардзіцца на гастрыт. Па-ранейшаму да яго даходзяць лісты толькі ад самых блізкіх родных. Пераменаў ва ўмовах утрымання няма. Дата разгляду скаргі на прысуд таксама невядомая.