Паездка ў Оршу скончылася для фанатаў "Тарпеда-БелАЗ" крымінальнай справай
Міліцыя шукае двух жодзінцаў — 20 і 22 гадоў.
Крымінальнай справай скончылася для фанатаў жодзінскага клуба "Тарпеда-БелАЗ" паездка на матч у Оршу.
19 ліпеня там праходзіў матч 1/16 Кубка Беларусі паміж мясцовым футбольным клубам і жодзінскім "Тарпеда". Фанаты прыехалі ў Оршу з Жодзіна на аўтамабілях. Незадоўга да 15-й гадзіны яны пабачылі двух фанатаў ФК "Орша", якія ішлі на стадыён і неслі з сабой вялікі барабан. Жодзінцы збілі гаспадароў горада, забралі барабан, а таксама з заплечніка фаната дасталі шалік колераў клуба, майку з лагатыпамі, 110 тысяч рублёў.
Як піша барысаўскі сайт ex-press.by, фанатаў вылічылі па тым, што адзін з іх аўтамабіляў прабіў радыятар і з яго цякла вадкасць. Аршанскі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу за рабаванне.
У Жодзіне на наступны дзень затрымалі, прывезлі ў Оршу і ўзялі пад варту больш за 20 фанатаў. 24 ліпеня да суда ўсіх затрыманых выпусцілі на волю.
Пацярпелыя не выказалі прэтэнзій, таму справу перакваліфікавалі з артыкула "Рабаванне" ў артыкул "Злоснае хуліганства".
Тым не менш праваахоўнікі працягваюць шукаць яшчэ двух фанатаў "Тарпеда" — 20- і 22-гадовага. Паведамляецца, што міліцыя іх вылічыла, але затрымаць пакуль не змагла.
Фота: belultras.by