Падрабязнасці "хапуна" ў Мёрах: найстарэйшаму затрыманаму — 72 гады

Металапракатны завод у Мёрах / sb.by
Падчас "хапуна" ў Мёрах 30 лістапада сілавікі затрымалі сем чалавек. Сярод затрыманых прынамсі адна жанчына, піша "Наша Ніва".
Найстарэйшаму з затрыманых 72 гады. Паведамляюць, што ён настаўнік гісторыі.
Нагодай для затрыманняў сталі, нібыта, фатаздымкі з пратэснай сімволікай у сацыяльных сетках ды падпіскі на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы. Паводле звестак "НН", на затрыманне прыехалі віцебскія сілавікі з мясцовымі міліцыянтамі на двух "бусіках". Кіраваў аперацыяй КДБ.
Раней паведамлялася, што затрыманні адбыліся сярод работнікаў мясцовага металапракатнага завода. Называлася імя аднаго з затрыманых — Сяргей Ерафееў.
Цяпер "НН" піша, што пад хапун трапіла больш шырокае кола жыхароў Мёраў. "Затрыманых можа быць больш, бо 30 лістапада ў райаддзеле міліцыі было шмат дастаўленых людзей, не толькі з завода. Чаму іх туды прывезлі, не вядома", — кажа мясцовы жыхар.
На гэты момант невядома, ці застаюцца затрыманыя ў райцэнтры або іх звезлі ў Віцебск.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.