Пад Баранавічамі п'яны пасажыр "адстрэльваўся" каробкай соку

Баранавіцкі таксіст пацярпеў ад нецвярозага пасажыра. Як перадае БелаПАН, інцыдэнт адбыўся каля шостай гадзіны раніцы 20 лютага. 34-гадовы жыхар вёскі Русіно выпіваў у адным з гарадскіх бараў. Потым знаёмы выклікаў і аплаціў яму таксоўку, каб давезці дадому.
Недалёка ад сваёй вёскі пасажыр запатрабаваў, каб кіроўца спыніўся, і заявіў, што ў іх страляюць. Узяўшы скрынку соку, мужчына пачаў "адстрэльвацца" з яе, як з аўтамата. Потым ён схапіў кіроўцу і стаў яго душыць. Выратавалі таксіста толькі яго калегі, якія акурат у гэты час пад'ехалі.
Як паведамляецца, 26-гадовы таксіст перад гэтым націснуў трывожную кнопку, бо баяўся непрадказальных дзеянняў з боку пасажыра. Падчас паездкі вясковец патрабаваў спыніцца і прапаноўваў кіроўцу пабіцца.
Цяпер на ваяўнічага пасажыра пачалі крымінальную справу за хуліганства. Раней ён прыцягваўся ўжо да крымінальнай адказнасці за рабаванне і крадзеж.